Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

27 Чэр 2018

Кабякоў уручыў дзяржузнагароды заслужаным людзям Беларусі

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У спісе ўзнагароджаных больш за 160 чалавек. Гэта вучоныя, сацыяльныя работнікі, урачы, выкладчыкі, работнікі прамысловасці, лясной галіны, аграрыі, будаўнікі, дарожныя работнікі, нафтавікі, прадстаўнікі падатковых органаў, дзяржаўныя служачыя, творчая інтэлігенцыя. Яны ўдастоены высокіх узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што сярод узнагароджаных вялікая група работнікаў аграпрамысловага комплексу. "Шмат гадоў таму Беларусь зрабіла стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі. Час паказаў, што выбар гэты быў абсалютна правільным. Мы поўнасцю забяспечылі сябе прадуктамі харчавання, Беларусь уваходзіць у першую групу краін з высокім узроўнем забяспечанасці харчавання насельніцтва, і гэта прызнаюць міжнародныя эксперты. Забяспечваючы патрэбнасці ўнутранага рынку, беларускія прадпрыемствы захоўваюць і свае экспартныя пазіцыі. Мы зарабляем на экспарце прадуктаў харчавання больш за $5 млрд у год, задача давесці гэты паказчык да $7 млрд. Нашы прадукты харчавання пастаўляюцца на рынкі больш як 60 краін свету", - растлумачыў ён.

Высокіх узнагарод удастоены прадстаўнікі спажыўкааперацыі. "Ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі Белкаапсаюз рэалізуе меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці арганізацый сістэмы. Упэўнены, што рэалізацыя намечаных мерапрыемстваў павялічыць эфектыўнасць і рэзультатыўнасць работы спажывецкай кааперцыі і палепшыць якасць абслугоўвання сельскага насельніцтва", - заявіў кіраўнік урада.

Узнагароды ўручаны і медыцынскім работнікам. "Цяпер у ахове здароўя краіны выкарыстоўваюцца лепшыя дасягненні сусветнай і айчыннай медыцыны. У апошнія гады айчынная ахова здароўя рушыла наперад - па якасці аказання медыцынскіх паслуг Беларусь выходзіць на перадавыя пазіцыі ў свеце. У краіне выбудавана зладжаная сістэма аказання меддапамогі на ўсіх узроўнях, але асаблівых поспехаў Беларусь дасягнула ў галіне аховы здароўя маці і дзіцяці. Па выніках мінулага года наша краіна займае 25 пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін. Патэнцыял айчыннай медыцыны значны, і цяпер пастаўлена задача выкарыстоўваць яго ў поўнай меры, у прыватнасці, неабходна нарошчваць аб'ёмы экспарту медыцынскіх паслуг", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

У ліку ўзнагароджаных і прадстаўнікі сферы адукацыі - педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. "Гэтыя людзі ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў і выхаванне моладзі, у павышэнне якасці працэсу навучання за кошт укаранення ў практыку сучаснага метадычнага забеспячэння і выкарыстання новых адукацыйных тэхналогій. Разам з тым кіраўніком дзяржавы пастаўлены дакладныя задачы, якія неабходна вырашаць у бліжэйшы час, і ў першую чаргу гэта ўзмацненне сістэмы прафарыентацыі", - сказаў прэм'ер-міністр.

Высокія ўзнагароды былі ўручаны прамыслоўцам і энергетыкам. "Сёння ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што прамысловасць Беларусі выйшла з рэцэсіі і набрала ўстойлівыя паказчыкі росту. Тэмп росту прамысловай вытворчасці ў мінулым годзе склаў 106,1 працэнта, за пяць месяцаў гэтага года - 108,3 працэнта. І ёсць усе перадумовы для таго, каб гэты тэмп па выніках года захаваўся. Упэўнены, будучае прамысловасці грунтуецца на ўкараненні прагрэсіўных тэхналогій, асваенні і выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, і для гэтага ўсе ўмовы створаны. Эфектыўна развіваецца і энергетычны комплекс, які забяспечвае энергетычную бяспеку краіны. Цяпер ажыццяўляецца бесперабойнае энергазабеспячэнне спажыўцоў паліўна-энергетычнымі рэсурсамі ў неабходным аб'ёме і высокай якасці. Стаіць задача далейшага зніжэння энергаёмістасці ВУП, павышэння эфектыўнасці і надзейнасці энергазабеспячэння, максімальнага выкарыстання ўласных рэсурсаў", - звярнуў увагу Андрэй Кабякоў.

Сярод узнагароджаных - група дарожных рабочых. Прэм'ер-міністр адзначыў, што дзякуючы іх намаганням у краіне актыўна ідзе рэканструкцыя аўтамабільных дарог. "Сёння завяршаецца работа па стварэнні якасных аўтатрас паміж абласнымі гарадамі і Мінскам. Разам з тым пастаўлена задача прывесці ў парадак мясцовыя дарогі, у прыватнасці, да 2020 года адрамантаваць і рэканструяваць каля 7 тыс. км мясцовых аўтамабільных дарог", - расказаў ён.

Таксама заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны дзяржаўным служачым. "У краіне на пастаяннай аснове праводзіцца работа па павышэнні эфектыўнасці і прэстыжу дзяржаўнай службы. Адным з асноўных крытэрыяў эфектыўнасці дзяржапарату павінна быць уменне працаваць з людзьмі, чула і ўважліва ставіцца да кожнага чалавека, да яго просьбаў і патрэб. Высокія ўзнагароды заслужылі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць таленавітых і адораных творчых асоб, асабліва тых, хто праслаўляе нашу краіну і натхняе мільёны. Медалі "За працоўныя заслугі" ўручаны выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры. Дзякуючы вашай працы штогод нашы спартсмены папаўняюць медальныя скарбонкі. Упэўнены, беларускія спартсмены дастойна праявяць сябе і ў час буйнейшага кантынентальнага спартыўнага форуму - II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр сардэчна павіншаваў усіх узнагароджаных і звярнуў увагу, што сённяшняя цырымонія праходзіць напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. "3 ліпеня сімвалізуе адзінства нашага міралюбівага грамадства, яго мужнасць і гераізм, павагу да традыцый і пераемнасць пакаленняў. Гэта свята ў сэрцы кожнага, хто ведае цану міру, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі