Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Aug 2014

Дзеючы друкарскі станок XVI стагоддзя можна будзе ўбачыць у час Дня беларускага пісьменства

 26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заслаўе прыме гасцей Дня беларускага пісьменства ўжо другі раз. Насычаная пазнавальная і забаўляльная праграма свята разлічана на два дні - 6 і 7 верасня, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Урачыстае адкрыццё Дня адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы каля Гарадскога вала 6 верасня.

Па традыцыі святкаванню Дня беларускага пісьменства папярэднічае рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да святынь" з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Экспедыцыя накіруецца 3 верасня з Мінска, канцавым пунктам "Дарогі да святынь" стане Заслаўе. У Нацыянальнай бібліятэцы да Дня беларускага пісьменства 6 верасня пройдуць міжнародны круглы стол "Сугучча: літаратура як люстэрка эпохі" з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў і прэзентацыя альманаха "Сугучча" ("Созвучие").

У Заслаўі асноўнае дзеянне свята разгорнецца на некалькіх тэматычных пляцоўках. Так, на цэнтральнай плошчы горада адкрыецца фестываль кнігі і прэсы, дзе будуць прадстаўлены кнігі і прэса Беларусі, экспазіцыя выданняў - пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі", фотавыстаўка "Пераможцы", аўтарскі праект "У пошуках страчанага" - выстаўкі "Мінск. Падарожжа ў часе", "Імгненні Першай сусветнай вайны" Уладзіміра Ліхадзедава, газеты "СБ. Беларусь сегодня" і РВУ "Выдавецкі дом "Звязда".

У час свята можна будзе ўбачыць дзеючы друкарскі станок XVI стагоддзя і станок пачатку ХХ стагоддзя, а таксама старадаўні спосаб вытворчасці паперы. Таксама адбудзецца прэзентацыя Бібліі Францыска Скарыны, надрукаванай па старадаўніх тэхналогіях. У час выстаўкі "Міншчына інфармацыйная" адбудуцца прэзентацыі рэгіянальных СМІ, бібліятэк і друкарняў. У дні свята пройдзе ўшаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года і рэспубліканскай акцыі "Лета з добрай кнігай!". Акрамя таго, гасцей свята чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі, распаўсюджвальнікамі кнігі і прэсы.

На сцэнічнай пляцоўцы ў цэнтры Заслаўя гасцей сустрэнуць "Жывыя скульптуры" (летапісцы, пісьменнікі, героі літаратурных твораў), якія створаць атмасферу гарадской вуліцы эпохі Асветы. Падрыхтавана канцэртная праграма з удзелам ансамбляў старадаўняй музыкі і тэатральных калектываў "Заслаўскі дворык", рыцарскія забавы "Пад покрывам сівых стагоддзяў" з майстар-класамі па сярэдневяковых танцах, "Фальклорнае падарожжа". Музычным свята зробяць "Маладыя галасы Міншчыны".

У дні свята будзе працаваць дзіцячая пляцоўка. Па вул. Савецкай адкрыецца "Літаратурнае кафэ", дзе адбудуцца конкурсы, літаратурныя віктарыны, маладзёжная акцыя "Чытай па-беларуску", прэзентацыі выдавецкіх праектаў і шмат іншага. Заслаўская школа мастацтваў прыме навукова-практычную канферэнцыю "Заслаўскія чытанні", у сярэдняй школе нумар 1 будзе працаваць выстаўка-прэзентацыя "Беларусь: гасціннасць без межаў", у Доме культуры "Світанак" - выстаўкі "Янка Купала і тэатр", "Якуб Колас. Жыццё і творчасць".

Адной з асаблівасцей сёлетняга святкавання Дня беларускага пісьменства стане прэзентацыя аграсядзіб. Прадстаўнікі суб'ектаў турбізнесу раскажуць аб магчымасцях адпачынку ў вёсцы і новых турыстычных комплексах. Гасцей свята пачастуюць беларускімі ласункамі. Сваю прадукцыю прадставяць майстры народнай творчасці.

Да Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі з'явіцца некалькі новых аб'ектаў. Так, 6 верасня адкрыюць помнік заснавальніку горада князю Ізяславу і дзіцячы Парк культуры і адпачынку са штучным вадаёмам. Да свята абнавілі чыгуначную станцыю "Беларусь", амфітэатр на цэнтральнай плошчы, Дом культуры "Світанак", Дом быту і іншыя аб'екты. Спецыяльна да свята распрацаваны новы кальцавы турыстычны маршрут, які ахоплівае ўсе асноўныя выдатныя мясціны горада, у тым ліку Спаса-Праабражэнскі храм, Гарадскі вал, гістарычную частку Заслаўя. У горадзе таксама плануецца пасадзіць Сад Малітвы.

Завершыцца свята канцэртам майстроў мастацтва і дыска-акцыяй "Данс-батлейка". Па традыцыі гораду - сталіцы наступнага Дня беларускага пісьменства будзе перададзены сімвалічны вымпел свята.

Дзень беларускага пісьменства - нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады яно адзначалася ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі