Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Стд 2015

Дуэт Uzari & Maimuna з Беларусі выйдзе на сцэну "Еўрабачання-2015" у першым паўфінале 19 мая

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дуэт Uzari & Maimuna выйдзе на сцэну міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" у другой частцы першага паўфіналу 19 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Жараб'ёўка размеркавання краін-удзельніц па двух паўфіналах конкурсу прайшла 26 студзеня ў час цырымоніі перадачы сімвалічных ключоў "Еўрабачання" ў Гарадской ратушы Вены (Vienna City Hall), у час якой аўстрыйская сталіца афіцыйна прыняла статус горада-гаспадара "Еўрабачання-2015".

Вялі цырымонію папулярныя асобы тэлеканала ORF Андзі Кнол і Каці Беловіч. За жараб'ёўкай назіралі каардынатар конкурсу ад ЕВС Ён Ола Санд і прадстаўнік кампаніі Digame, адказнай за тэлегаласаванне, Томас Нідэрмаер.

Афіцыйны склад карзін для жараб'ёўкі размеркавання на паўфіналы конкурсу быў аб'яўлены ЕВС напярэдадні. Карзіны для жараб'ёўкі распрацаваны кампаніяй Digame на аснове тэндэнцый галасавання краін за апошнія пяць гадоў.

У гэтым годзе ў конкурсе прымуць удзел 39 краін. У першым паўфінале 19 мая выступяць 16 краін, у другім 21 мая - 17.

У першым паўфінале разам з прадстаўнікамі Беларусі выступяць і прагаласуюць Грэцыя, Македонія, Эстонія, Нідэрланды, Малдова, Фінляндыя, Бельгія, Арменія, Сербія, Данія, Румынія, Расія, Албанія, Грузія і Венгрыя.

У другім паўфінале на сцэну выйдуць выканаўцы з Нарвегіі, Ірландыі, Чэхіі, Літвы, Сан-Марына, Мальты, Партугаліі, Чарнагорыі, Швейцарыі, Азербайджана, Славеніі, Латвіі, Польшчы, Ісландыі, Ізраіля, Кіпра і Швецыі.

Краіны "вялікай пяцёркі" - Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія - і арганізатар конкурсу гэтага года - Аўстрыя - аўтаматычна трапляюць у фінал 23 мая, аднак яны таксама трансліруюць паўфіналы і галасуюць за іх удзельнікаў. Іспанія, Францыя і Аўстрыя будуць ацэньваць канкурсантаў першага паўфіналу, а Германія, Італія і Вялікабрытанія - другога.

Парадкавыя нумары ўдзельнікаў абодвух паўфіналаў будуць вызначаны пазней рашэннем прадзюсараў шоу. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў у паўфіналах дзейнічае ўжо некалькі гадоў і дае магчымасць арганізатарам рабіць шоу эфектным і ўнікальным.

Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2015" пройдзе ў Вене (Аўстрыя) з 19 па 23 мая. Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі