Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Жнв 2015

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адкрые новы сезон прэм'ерай па Міцкевічу

18 жніўня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адкрые 72-і сезон прэм'ерай па паэме Адама Міцкевіча "Дзяды", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар установы культуры Аляксандр Козак.

Сумесную работу брэсцкіх артыстаў і іх калег з Польшчы гледачы ўбачаць у верасні. Ствараецца праект пры падтрымцы варшаўскага Інстытута Адама Міцкевіча. Рэжысёрам беларускамоўнага спектакля, які ў афішы пазначаны як абрадавая драма, з'яўляецца паляк Павел Пасіні. Мастак-пастаноўшчык Алена Лола Лолі таксама з Польшчы.

"Мы не ўпершыню супрацоўнічаем з замежнымі рэжысёрамі. У нас ужо ёсць вопыт работы са спецыялістамі з Украіны, Расіі, Літвы. Чулі аб Пасіні шмат добрага. Пасля асабістай сустрэчы вырашылі разам папрацаваць", - расказаў Аляксандр Козак.

У аснове сюжэта брэсцкай пастаноўкі "Дзяды" - дэтэктыўная гісторыя, якая адбываецца ў невялікай вёсачцы на Палессі. Мэта расследавання - знайсці ініцыятараў мяркуемага загавору супраць цара. Галоўным героем спектакля з'яўляецца Паэт. Ён жа вандроўнік, які шукае адказы на пытанні, разгадку якіх ведаюць толькі памерлыя. Аднаўляючы абрад "дзядоў", ён надзяляе жывых магчымасцю пачуць тых, хто пайшоў, каб зразумець, дараваць і даць магчымасць мёртвым спачыць з мірам.

Абрадавая форма, якую ў сваіх спектаклях выкарыстоўвае Павел Пасіні, стварае на тэатральнай сцэне гісторыю, якую немагчыма расказаць толькі аднымі словамі. Дарэчы, раскрыць сутнасць таго, што адбываецца на сцэне, артыстам дапамогуць непасрэдна гледачы.

Паэма "Дзяды" лічыцца выдатным творам беларускай і польскай літаратуры. Са старонак твора Адам Міцкевіч паспрабаваў данесці да чытача, што нацыянальная ідэнтычнасць гэта не тое, што дадзена небам, а тое, што мы ствараем самі.

Прэм'ера пастаноўкі "Дзяды" адбудзецца 12 верасня ў час Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая Вежа". Акрамя таго, 25 верасня гэтым спектаклем у Брэсце афіцыйна адкрыецца 72-і тэатральны сезон. Як расказаў Аляксандр Козак, калектыў брэсцкага тэатра збіраецца парадаваць гараджан і гасцей абласнога цэнтра не менш як пяццю прэм'ерамі.

"Спектаклі будуць ставіцца па матывах сучасных твораў, але яны, я сказаў бы, сталі ўжо бліжэйшымі да класікі. Плануем сумесныя работы і з маладымі, і з вопытнымі рэжысёрамі. Наогул мая пазіцыя такая: рэпертуар павінен мяняцца, быць эксперыментальным, класічным, прывычным", - падкрэсліў Аляксандр Козак.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі