29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 80 калекцый беларускіх дызайнераў будзе прадстаўлена ў фінале XXV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды", які пройдзе 12-13 мая ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
"Млын моды" - агульнанацыянальны культурна-адукацыйны праект для навучэнцаў і студэнтаў, педагагічных работнікаў, маладых дызайнераў, мадэлей, майстроў фота, стылістаў і візажыстаў, якія маюць магчымасць шырока і маштабна прадставіць сваю творчасць. Традыцыйна конкурс праходзіць у некалькі этапаў. Маляўнічаму гала-паказу ў сталіцы папярэднічае доўгая і карпатлівая работа ў рэгіёнах па праглядзе эскізаў і фарміраванні пераліку ўдзельнікаў фестывалю.
У фінале вызначаць самых лепшых у некалькіх намінацыях, у тым ліку "Школа моды", "Майстар моды", "Фота", "Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу", "Топ-мадэль фестывалю-конкурсу", "Майстар стылю". У якасці журы выступяць міжнародныя эксперты, спецыялісты ў галіне моды і дызайну з вядучых замежных устаноў і арганізацый Расіі, Германіі, Італіі, Латвіі, Малайзіі.
Для ўдзельнікаў запланаваны адукацыйныя семінары вядучых спецыялістаў у галіне моды і дызайну адзення, фатаграфіі, майстар-класы, прэзентацыі, прафесійныя сустрэчы.
Мерапрыемства праводзіцца для павышэння прафесіяналізму ў галіне моды, дызайну і вытворчасці адзення, фатаграфіі, тэкстылю і паслуг, захавання нацыянальных традыцый, пашырэння міжнародных сувязей.
Арганізатары конкурсу - Міністэрства адукацыі Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.