Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Чэр 2015

Больш як 60 святочных мерапрыемстваў пройдуць у Мінску напярэдадні Дня Незалежнасці

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 60 святочных мерапрыемстваў пройдуць у Мінску напярэдадні Дня Незалежнасці, паведамілі БЕЛТА ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Галоўныя ўрачыстасці будуць праведзены 3 ліпеня. Па традыцыі ў першай палавіне дня адбудзецца ўскладанне вянкоў да манумента Перамогі. З 22.00 да 00.30 на пляцоўцы каля стэлы "Мінск - горад-герой" пройдзе гала-канцэрт "Мы беларусы - мірныя людзі". У 23.00 стартуе акцыя "Спяём гімн разам".

З 11.00 да 22.00 мінчан і гасцей сталіцы запросяць на канцэртную праграму "Ганаруся табой, Беларусь!" каля Палаца спорту. Свята, прысвечанае Дню Незалежнасці, з 12.00 да 17.00 таксама адбудзецца на тэрыторыі Верхняга горада.

На пляцоўцы каля Палаца спорту ў гэты дзень з 11.00 да 15.00 пройдзе міжнародны турнір па сілавым экстрыме з серыі SCL, у раёне Мінскага мора (в.Зарэчча) - Кубак Мінска па парусным спорце. На базе СДЮШАР па водных відах спорту 3 ліпеня пройдзе першынство Мінска па веславанні на байдарках і каноэ.

Святочныя мерапрыемствы таксама адбудуцца ва ўсіх раёнах сталіцы. Культурна-масавае мерапрыемства "Па краіне крочыць свята" пачнецца 3 ліпеня ў 12.00 у Мінскім заапарку, святочная праграма "Няхай смяюцца дзеці!" - у парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Парк імя 900-годдзя Мінска 3-5 ліпеня запросіць на свята для сям'і і моладзі "Вялікія выхадныя!".

Канцэртная праграма, прысвечаная Дню Незалежнасці, пройдзе 3 ліпеня ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе. У парку імя Паўлава 3-4 ліпеня адбудзецца раённае свята "Ганаруся табою, Беларусь сінявокая". Свята "Я беларус і гэтым ганаруся!" арганізуюць 2 ліпеня па адрасе прасп.Газеты "Правда", 50, флэшмоб "Квітней, родная Беларусь" з раздачай бутаньерак - па адрасе вул.Караля, 3.

На свята "Квітней, край азёрны, мая Беларусь!" усіх жадаючых запросяць 3 ліпеня ў парк "Курасоўшчына". Свята народнай музыкі і песні "Беларусь - крыніца натхнення" пройдзе ў гэты дзень з 13.00 да 18.00 у цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага. Раённае свята "Табе, родная Беларусь!" адбудзецца на пляцоўцы каля лыжаролернай трасы па вул.Сталетава.

Парк імя Чалюскінцаў 3 ліпеня запросіць на святочнае мерапрыемства "Квітней, родная Беларусь!". Свята "Дзень Незалежнасці разам з намі!" пачнецца ў гэты дзень у 11.00 на Дзіцячай чыгунцы.

Раённая культурна-забаўляльная праграма "Беларусь - гэта мы з табою!" адбудзецца 3 ліпеня ў парку Дружбы народаў, свята "Квітней, мой край, пад небам жураўліным" - у парку імя 60-годдзя Кастрычніка. "Бульвар мастацтваў" (выстаўка вырабаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фотагалерэя, майстар-класы, конкурс малюнка на асфальце, гульнявыя пляцоўкі) будзе працаваць у скверы па вул. Д.Сердзіча. Стаць удзельнікам раённага свята "Беларусь, мая мілая!" можна будзе 3 ліпеня, наведаўшы музейна-паркавы комплекс "Перамога".

Стартуюць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, у канцы чэрвеня. Так, у цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага 27-28 чэрвеня пройдзе XIV Міжнародны фестываль і чэмпіянат свету ў сферы масавага гіравога спорту і гіравога трыятлона ў намінацыях адвольнага спосабу падымання гір. У першы дзень ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы падвядуць вынікі патрыятычнага конкурсу буктрэйлераў, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ужо 2 ліпеня ў Мінскай гарадской ратушы адбудзецца ўручэнне сертыфікатаў удзельніка дабрачыннай акцыі па зборы сродкаў на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". На працягу ўсяго ліпеня ў кінатэатрах Мінска пройдуць тэматычныя паказы дакументальных і мастацкіх фільмаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі