10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія плыўцы выйгралі 29 медалёў і ўстанавілі адзін нацыянальны рэкорд на міжнародным турніры ў Латвіі ў 25-метровым басейне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Каманда з 10 спартсменаў, сярод якіх лідары зборнай Аляксандра Герасіменя і Яўген Цуркін, выйгралі ў Рызе на "кароткай" вадзе 15 залатых, 8 сярэбраных і 6 бронзавых узнагарод. Тройчы на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару ўзнімаліся Аляксандра Герасіменя, якая заняла першыя месцы на дыстанцыях 50 м (24,28 сек.) і 100 м (53,69 сек.) вольным стылем, 50 м батэрфляем (27,53 сек.), і Яўген Цуркін, які атрымаў перамогі ў заплывах на 50 м (23,67 сек) і 100 м (51,91 сек.) батэрфляем. Лідар мужчынскай каманды таксама хутчэй за сапернікаў праплыў 100 м вольным стылем - 21,93 сек. Трэнеры зборнай засталіся задаволены выступленнем Аксаны Дзямідавай, якая паказала высокі рэзультат на 100 м батэрфляем - 1 мін. 01,22 сек, што дало магчымасць ёй стаць першай.
Усяго толькі чатыры дзясятыя секунды не хапіла Мікіце Цмыгу, каб паўтарыць свой жа рэкорд Беларусі на дыстанцыі 200 м на спіне ў 25-метровым басейне, які роўны 1 мін. 56,04 сек. У Рызе малады магілёўскі плывец праплыў у фінале за 1 мін. 56,08 сек. і першы дакрануўся да борціка басейна на фінішы. У змешанай эстафеце 4х50 м зборная ў складзе Антона Латкіна, Юліі Хітрай, Яўгена Цуркіна і Аляксандры Герасімені ўстанавіла рэкорд Беларусі - 1 мін. 32,75 сек.
На турніры ў Латвіі зборная Беларусі па плаванні выступіла пасля завяршэння вучэбна-трэніровачнага збору ў Турцыі. Наступным стартам мацнейшых плыўцоў краіны стане чэмпіянат Беларусі ў 25-метровым басейне, які пройдзе ў Брэсце з 11 па 14 лістапада.
Асноўным жа стартам сезона стане чэмпіянат Еўропы на "кароткай" вадзе, які з 2 па 6 снежня пройдзе ў Ізраілі.