Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Sep 2018

Беларускія і замежныя літаратары рыхтуюць новыя сумесныя праекты

Фота Pixabay

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя сумесныя праекты беларускіх і замежных літаратараў з'явяцца ў 2018 годзе, паведаміў 3 верасня журналістам намеснік дырэктара РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", галоўны рэдактар часопіса "Нёман" Аляксей Чарота, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Такія дамоўленасці дасягнуты па выніках круглага стала "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", які прайшоў у музеі Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна. "Да круглага стала былі падрыхтаваны спецыяльныя выпускі часопісаў "Нёман", "Маладосць", "Бярозка", два выпускі газеты "Літаратура i мастацтва" таксама былі прысвечаны гэтай падзеі. А ўжо ў 9-м нумары часопіса "Нёман" будуць апублікаваны вершы нашай госці з Башкортастана Зульфіі Хананавай. Вяліся перагаворы з пісьменнікамі з іншых краін. Думаю, што ў бліжэйшы час з іх творчасцю мы зможам азнаёміцца на старонках нашых перыядычных выданняў", - расказаў Аляксей Чарота.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе ўпершыню ў круглым стале прынялі ўдзел літаратары з Узбекістана, Кыргызстана, Эквадора. "Размова ішла аб перакладах нацыянальнай літаратуры на розныя мовы, замежныя госці прадставілі літаратурную дзейнасць сваіх краін, беларусы расказвалі аб тым, што адбываецца ў нашым літаратурным працэсе, аб дасягненнях і праблемах", - адзначыў намеснік дырэктара.

Аляксей Чарота дадаў, што ў наступным годзе праект можа прайсці ў новым фармаце, што дасць магчымасць шырэй у час дыскусіі прадставіць беларускую літаратуру. "Час правядзення круглага стала абмежаваны, а да нас прыязджае шмат замежных удзельнікаў, і ў першую чаргу мы павінны даць магчымасць ім выказацца. Але ў час двух дзён правядзення Дня пісьменства беларускія і замежныя літаратары сустракаюцца, дамаўляюцца аб сумесных праектах. Паспрабуем змяніць фармат круглага стала, што дасць магчымасць, можа, ужо ў наступным годзе шырэй прадставіць беларускую літаратуру", - падкрэсліў ён.

Такія круглыя сталы на палях Дня пісьменства праводзяцца з верасня 2007 года. За гэты час у Беларусі пабывалі пісьменнікі Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кітая, Малдовы, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, Чарнагорыі і іншых краін. Устанавіліся трывалыя міжнародныя літаратурныя сувязі, іх рэзультатам сталі кнігі перакладаў беларускай паэзіі і прозы на мовы народаў свету. У прыватнасці, яны выдадзены ў Ашхабадзе, Баку, Грозным, Душанбэ, Ерэване, Казані, Маскве, Элісце.

Арганізатарамі круглага стала выступілі Мінінфарм, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Іванаўскі райвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдавецкі дом "Звязда" і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі