4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь узнялася з 58-га на 53-е месца ў рэйтынгу дабрабыту краін свету (2014 Prosperity Index) за 2014 год, складзеным брытанскім аналітычным цэнтрам Legatum Institute.
Згодна з данымі на сайце Legatum Institute, Беларусь абышла Кітай (54-е месца), Казахстан (55), Украіну (63), Расію (68), Азербайджан (79), Малдову (89).
Расія заняла 68-е месца, страціўшы сем радкоў рэйтынгу, што з'яўляецца горшым змяненнем сярод еўрапейскіх краін. Казахстан пагоршыў пазіцыю ў 2014 годзе на восем радкоў да 55-га месца.
Лідарам рэйтынгу ўжо каторы год запар становіцца Нарвегія. На другім месцы Швейцарыя, якая захавала сваю пазіцыю з 2013 года. На трэцім - Новая Зеландыя, яна ўзнялася за год на тры радкі ўверх. У дзясятку самых паспяховых краін свету таксама ўвайшлі Данія, Канада, Швецыя, Аўстралія, Фінляндыя, Нідэрланды і ЗША.
Найбольш квітнеючай сярод буйнейшых краін Еўропы прызнана Вялікабрытанія, яна заняла 13-ы радок у агульным заліку. Германія атрымала 14-е месца, Францыя - 21-е, Іспанія - 26-е, Італія - 37-е.
Літва атрымала 42-е месца, Латвія - 44-е. Грэцыя размясцілася на 59-м месцы, Румынія займае 60-ы радок.
Сярод буйнейшых краін, якія сталі на шлях развіцця, Бразілія займае 49-е месца, Кітай - 54-е, Мексіка - 64-е, Інданезія - 71-е, Турцыя - 86-е, Індыя - 102-е.
Апошняе месца ў рэйтынгу займае Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка.
Індэкс Legatum Institute ўключае 142 дзяржавы, ахопліваючы 96 працэнтаў насельніцтва свету і 99 працэнтаў сусветнага ВУП. Індэкс ацэньвае восем катэгорый: эканоміку, адукацыю, ахову здароўя, асабістую свабоду, бяспеку, магчымасці прадпрымальніцтва, кіраванне і сацыяльны капітал.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|