Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Май 2015

Беларусь адносіцца да краін з нізкім узроўнем дзіцячай смяротнасці

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адносіцца да краін з нізкім узроўнем дзіцячай смяротнасці. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Валянціна Ваўчок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У рэспубліцы паспяхова функцыянуе шматузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі маці і дзецям. Створаны ўмовы для захавання жыцця і нованароджанага дзіцяці, і яго маці. У якасці прыкладу Валянціна Ваўчок прывяла такі факт: выжываюць 80 працэнтаў дзяцей, якія з'явіліся на свет з вагой да 1 кг, што сведчыць аб высокім узроўні аказання спецыялізаванай дапамогі і кваліфікацыі медыкаў.

"Мы па праву можам ганарыцца поспехамі дзіцячай хірургіі, у тым ліку ў карэкцыі прыроджаных анамалій, - прадоўжыла галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя. - Штогод дзіцячыя хірургі выконваюць каля 20 тыс. аперацый, з іх амаль 1 тыс. - нованароджаным". Пастаянна павялічваецца ўдзельная вага лапараскапічных, высокатэхналагічных аперацый. У 2014 годзе ў Беларусі выканана 15 трансплантацый ныркі, амаль 1 тыс. аперацый па карэкцыі прыроджаных парокаў сэрца. Забяспечваецца высокі ўзровень выжывальнасці дзяцей са злаякаснымі новаўтварэннямі, хваробамі крыві.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2014 годзе паказчык дзіцячай смяротнасці склаў 3,5 на 1000 народжаных жывымі супраць 4 у 2010 годзе. Цяпер паказчык дзіцячай смяротнасці ў нашай краіне - адзін з самых нізкіх у свеце. Па гэтым паказчыку Беларусь займае трэцюю пазіцыю разам з Вялікабрытаніяй, Швейцарыяй, Францыяй, Іспаніяй і Бельгіяй. Так, паказчык 2 на 1000 народжаных жывымі маюць Андора, Фінляндыя, Ісландыя, Японія, Манака, Нарвегія і Швецыя, 3 праміле - Аўстрыя, Кіпр, Германія, Грэцыя, Ізраіль, Італія, Нідэрланды. У цэлым у развітых краінах паказчык дзіцячай смяротнасці складае 6 праміле.

У мэтах зніжэння захваральнасці на інфекцыйныя хваробы ў Беларусі ажыццяўляюцца мерапрыемствы па правядзенні прафілактычных прышчэпак. У 2014 годзе ахоп дзяцей ва ўзросце да 1 года прышчэпкамі супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі (АПК) склаў 98,4 працэнта, туберкулёзу - 97,4 працэнта, коклюшу, дыфтэрыі і слупняку (АКДС) - 93,4 працэнта.

На 1 студзеня 2015 года ў рэспубліцы пражывалі 1 млн 790 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. У параўнанні з 1 студзеня 2010 года колькасць дзяцей павялічылася на 32 тыс. чалавек (на 1,8 працэнта).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі