Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Сак 2015

Бібліятэчная супольнасць прапануе аб'явіць у Беларусі 2017-ы Годам Францыска Скарыны

26 сакавіка, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Бібліятэчная супольнасць прапануе аб'явіць у Беларусі 2017-ы Годам Францыска Скарыны. Аб гэтым сёння на прэзентацыі факсімільнага выдання "Тураўскага Евангелля" паведаміла дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага Лідзія Мальцава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння для нашай бібліятэкі знакавы дзень - нашы фонды дзякуючы ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі папоўніліся высакаякаснай факсімільнай копіяй унікальнага рукапіснага помніка беларускай кніжнай культуры - "Тураўскага Евангелля". Мы ведаем, што да 2017 года Беларусь убачыць яшчэ шэраг факсімільных копій рэдкіх і ўнікальных кніг, самым галоўным падарункам стане завяршэнне перавыдання спадчыны Францыска Скарыны якраз у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. І мы - уся бібліятэчная супольнасць - будзем хадайнічаць аб тым, каб 2017 год быў аб'яўлены ў краіне Годам Францыска Скарыны", - сказала Лідзія Мальцава.

У дар установам культуры і адукацыі Гродзенскай вобласці ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перададзены восем экзэмпляраў факсімільнага выдання рукапісу "Тураўскага Евангелля". Факсімільная копія выдадзена тыражом 500 экзэмпляраў, гэта сумесны праект кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Як растлумачыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, пазней плануецца выдаць таксама камерцыйны тыраж і запусціць выданне ў продаж.

"Тураўскае Евангелле" - адзін з найстаражытнейшых помнікаў кніжнай культуры, створаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які сведчыць аб высокім узроўні развіцця беларускай культуры, гэта таксама адзін з самых каштоўных помнікаў культуры для Еўропы ў цэлым. Яго рукапіс - 10 лістоў - знойдзены ў 1865 годзе ў Тураве, дагэтуль захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе. Рукапіс уяўляе сабой уласна Евангелле з дадатковымі запісамі.

Як растлумачыў Алесь Суша, аб магчымасці вяртання Тураўскага Евангелля на беларускую зямлю марылі ўжо даўно. Нягледзячы на вялікую дыпламатычную работу, арыгінал XI стагоддзя не ўдаецца вярнуць у краіну. "Бясспрэчна, такі важны помнік павінен вярнуцца ў нашу краіну, няхай і ў выглядзе факсімільнага пакуль выдання. Яно максімальна поўнае, у паліграфічным і навуковым сэнсе, перадае асаблівасці арыгінала. Выданне суправаджаецца навуковымі каментарыямі на беларускай, рускай і англійскай мовах", - сказаў ён.

Алесь Суша паведаміў таксама, што да 2017 года, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, плануецца завяршыць выданне "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны" ў 20 тамах. Акрамя таго, у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства ўбачаць свет яшчэ некаторыя копіі ўнікальных кніг, назвы якіх пакуль не раскрываюцца. "Сёння мы назіраем бум факсімільных выданняў, штогод дзясяткі кніг перавыдаюцца такім чынам. Сімвалічна, што бізнес актыўна далучаецца да працэсу адраджэння, захавання і распаўсюджвання беларускай спадчыны. Гэтыя праекты арыентаваны перш за ўсё на тое, каб зрабіць даступнымі для шырокай грамадскасці святыні беларускага народа, сфарміраваць у сучаснікаў паважлівае стаўленне да каштоўнасцей беларускай культуры", - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер ужо да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання распрацоўваецца праграма мерапрыемстваў, якая дасць магчымасць расказаць аб кніжных традыцыях беларускага народа.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі