22 студзеня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Амаль 170 каталіцкіх свяшчэннікаў з 13 краін прыедуць у Ліду на чэмпіянат Еўропы па міні-футболе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прадстаўнік Гродзенскай каталіцкай епархіі і адзін з арганізатараў чэмпіянату ксёндз Павел Салабуда.
VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў пройдзе ў Беларусі 24-28 лютага, яго сталіцай выбрана Ліда. Удзел у чэмпіянаце прымуць каманды свяшчэннаслужыцеляў з Аўстрыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.
Месцам правядзення галоўных матчаў выбраны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Алімпія". Тут пройдуць асноўныя мерапрыемствы, урачыстае адкрыццё і закрыццё чэмпіянату, цырымонія ўзнагароджання. Частка адборачных гульняў пройдзе на пляцоўцы Лядовага палаца спорту.
Адкрые чэмпіянат 24 лютага ўрачыстая імша ў Фарным касцёле Ліды. Чакаецца, што ў ёй прымуць удзел усе свяшчэннікі-спартсмены, запрошаныя біскупы, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Дарэчы, плануецца, што Тадэвуш Кандрусевіч выступіць за зборную Беларусі. "Мы спадзяёмся, што мітрапаліт прыме самы непасрэдны ўдзел у гульнях чэмпіянату. Магу сказаць, што ў камандзе Славакіі таксама ёсць біскуп", - паведаміў ксёндз Павел. Ён адзначыў таксама, што чэмпіянат будзе садзейнічаць духоўнай інтэграцыі свяшчэннікаў і вернікаў розных краін, прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод католікаў і асабліва моладзі, пазітыўна паўплывае на імідж рэспублікі ў цэлым і Гродзенскай вобласці ў прыватнасці.
Адборачныя гульні чэмпіянату ў групах пройдуць 25 лютага. На 26 лютага запланаваны турыстычныя паездкі гасцей у Мір і Нясвіж. 27 лютага адбудуцца фінальныя гульні і розыгрыш прызавых месц.
Як растлумачыў субяседнік, беларуская каманда свяшчэннікаў-футбалістаў ужо тройчы прымала ўдзел у чэмпіянатах Еўропы па міні-футболе сярод свяшчэннаслужыцеляў. У 2013 годзе ён праходзіў у Славеніі. Беларусь тады заняла восьмае месца з трынаццаці магчымых.
Усяго ў Беларусі ёсць чатыры футбольныя каманды ксяндзоў: Гродзенскай, Віцебскай, Пінскай і Мінска-Магілёўскай каталіцкай епархій. Лепшыя іх ігракі і ўвойдуць у гэтым годзе ў зборную Беларусі. Як растлумачыў ксёндз Павел, большасць у агульнай камандзе складаюць ігракі з Гродзенскай епархіі, у ёй таксама па два свяшчэнніка з Віцебскай і Мінска-Магілёўскай епархій. Цяпер каманда ўзмоцнена трэніруецца пад кіраўніцтвам прафесійнага трэнера.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|