Вядомы балетны танцоўшчык, рэжысёр і прадзюсар, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа 26 лістапада ўпершыню прадставіў на галоўнай сцэне Беларусі ўсе тры аднаактовыя балеты – "Жар-птушка", "Шэхеразада", "Прывід ружы" – з легендарнай калекцыі "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева, якая ў пачатку ХХ стагоддзя захапіла сусветныя тэатральныя пляцоўкі. Прэм’ера адноўленай антрэпрызы Міхаіла Фокіна "Жар-птушка" на музыку Ігара Стравінскага, якая ў свой час стала візітнай карткай рускага балета, на мінскай сцэне адбылася ў 2014 годзе. Госці творчага вечара "Дзягілеў-Гала" перанясліся на сто гадоў у мінулае і атрымалі магчымасць убачыць легендарнае трыа пастановак ва ўнікальных дэкарацыях і цудоўных касцюмах, створаных мастаком Анатолем Нежным па эскізах выдатнага мастака-сцэнографа Сярэбранага века – ураджэнца Гродна Лявона Бакста.
Фото: Аксана Манчук