Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | "Наш Грунвальд"-2018: рэканструкцыя самай маштабнай бітвы сярэдневяковай Еўропы ў музейным комплексе "Дудуткі"

"Наш Грунвальд"-2018: рэканструкцыя самай маштабнай бітвы сярэдневяковай Еўропы ў музейным комплексе "Дудуткі"

20 Ліп 2018

У мінулыя выхадныя ў Дудутках панавала асаблівая атмасфера: рыцарскія турніры, спаборніцтвы ў майстэрстве алебардыстаў і кап'ёўшчыкаў, спаборніцтвы лучнікаў, "бітва двароў" і, вядома, галоўная падзея – рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, якая лічыцца самай маштабнай у гісторыі сярэдневяковай Еўропы. Усяго на два дні – 21 і 22 ліпеня – госці юбілейнага, Х міжнароднага фестывалю сярэдневяковай культуры "Наш Грунвальд" змаглі стаць удзельнікамі падзей больш як 600-гадовай даўнасці, прымераць рыцарскія даспехі, прадэгуставаць старадаўнія стравы, навучыцца прамудрасцям стральбы з лука і асвоіць сярэдневяковыя гульні і танцы.

Каля дзвюх тысяч гледачоў прыехалі ў Дудуткі, каб убачыць рэканструкцыю Грунвальдскай бітвы, якая адбылася больш як шэсць стагоддзяў таму – 15 ліпеня 1410 года – паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і саюзнікаў – Вялікага Княства Літоўскага (сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага. Дапамаглі аднавіць самыя яркія эпізоды лёсавызначальнай бітвы прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і краін Балтыі.

Акрамя ваенна-гістарычнай рэканструкцыі на пляцоўцы этнаграфічнага комплексу адбыліся рыцарскія турніры ў пешым страі ў фармаце "шчыт-меч", масавыя бітвы (бугурты), турніры лучнікаў, алебардыстаў і кап'ёўшчыкаў… З раніцы да позняга вечара для гасцей працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, "горад майстроў" з імправізаванымі майстэрнямі пад адкрытым небам па вырабе даспехаў і зброі, ювелірных вырабаў, плаўцы руды і апрацоўцы каменю, фарбаванні тканін... Эфектным дапаўненнем стала канцэртная праграма, у якой змяняліся фолк-метал, паўэр-метал, шаманскі рок і сярэдневяковая музыка ў выкананні фолк- і рок-калектываў Беларусі, Расіі, Ірландыі і Германіі.

А ў нядзелю ўвагу гасцей фестывалю прыкаваў першы ў гісторыі сучаснай Беларусі поўнакантактны конны рыцарскі турнір. Паводле правіл XV стагоддзя – небяспечна, экстрэмальна і надзвычай відовішчна! –  два коннікі на скорасці нясуцца адзін на аднаго ўздоўж драўлянай загароды (джостар) і ўдарам доўгага кап'я спрабуюць выбіць праціўніка з сядла. У нашы дні паядынкі такога ўзроўню праводзяцца толькі ў некалькіх краінах. Раней удзельнікі фестывалю паказвалі ўжо асобныя фрагменты бою, дэманструючы майстэрства наезніка і навыкі валодання кап'ём. І толькі ў бягучым годзе гледачы ўбачылі паўнацэнны турнір, у якім рыцары ў даспехах XV-XVI стагоддзяў змагаліся на доўгіх коп'ях з каранэлем (плоскай металічнай плашкай) замест баявога наканечніка.

Гістарычная бітва за Грунвальд, рыцарскія баі, сярэдневяковы "горад" і непадробныя эмоцыі гасцей фестывалю ў Дудутках – у рэпартажы!

"Наш Грунвальд"-2018: рыцарскі лагер
"Наш Грунвальд"-2018: рыцарскі лагер
"Наш Грунвальд"-2018: рыцарскі лагер
"Наш Грунвальд"-2018: рыцарскі лагер
"Наш Грунвальд"-2018: рыцарскі лагер
1 2 3 4 5  [6..9]      Наступная