Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Парламенцкія выбары-2019

Парламенцкія выбары ў Беларусі

13 Oct 2016

Старшынь пастаянных камісій выбралі ў Палаце прадстаўнікоў

Старшынь пастаянных камісій выбралі ў Палаце прадстаўнікоў

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшынь пастаянных камісій выбралі сёння на пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Так, на бліжэйшыя чатыры гады старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве выбрана Наталля Гуйвік, якая ў папярэднім парламенцкім скліканні працавала ў гэтай жа камісіі, але на іншай пасадзе. Наталля Гуйвік, у прыватнасці, адзначыла, што цяпер на разглядзе ў камісіі знаходзіцца 8 законапраектаў, яшчэ адзін распрацоўваецца. Паводле слоў парламентарыя, яна бачыць перад сабой задачы завяршыць судовую рэформу, актыўна працаваць па далейшым стварэнні зразумелага і карыснага для людзей і грамадства заканадаўства.

Кіраўніком Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце выбраны Леанід Цупрык. Ён лічыць, што, захоўваючы пераемнасць, камісіі трэба прадоўжыць работу па ўдасканаленні заканадаўства ў галіне дзяржаўнага ладу, мясцовага самакіравання, выбарчай сістэмы, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, а таксама прававога статусу дэпутатаў усіх узроўняў. На заканадаўчым узроўні, на думку парламентарыя, неабходна замацаваць комплекс мер па вырашэнні задач павышэння эфектыўнасці дзяржкіравання як важнага рэзерву эканамічнага развіцця. "Гэта ў першую чаргу закране карэкціроўку закона Беларусі аб дзяржаўнай службе", - растлумачыў Леанід Цупрык.

Камісію па нацыянальнай бяспецы па рашэнні дэпутатаў узначаліць Валянцін Міхневіч. Раней ён займаў пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў - начальніка крымінальнай міліцыі, генерал-маёр міліцыі. Валянцін Міхневіч выказаў упэўненасць, што дзелавы і канструктыўны падыход у дзейнасці камісіі будзе захаваны ў далейшым. Паводле яго слоў, сённяшнія геапалітычныя працэсы патрабуюць адэкватных мер рэагавання на выклікі і пагрозы сучаснасці. "Рэспубліка Беларусь не можа заставацца ўбаку ад праяў міжнароднага тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай злачыннасці, незаконнага абароту наркотыкаў, глабальных транснацыянальных праблем, звязаных з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі супярэчнасцямі", - падкрэсліў парламентарый.

Уладзіслаў Шчэпаў выбраны старшынёй Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. У папярэднім парламенцкім скліканні ён працаваў у гэтай жа камісіі на пасадзе намесніка старшыні. Паводле слоў Уладзіслава Шчэпава, у бліжэйшыя гады перад дэпутацкім корпусам, органамі дзяржаўнай улады будуць стаяць важнейшыя задачы па ўдасканаленні сістэмы кіравання эканомікай, павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны, разняволенні дзелавой ініцыятывы, зняцці адміністрацыйных бар'ераў для адкрыцця прадпрыемстваў і развіцця бізнесу.

Камісію па бюджэце і фінансах узначаліць Людміла Дабрыніна, якая займала аналагічную пасаду ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання. Паводле слоў Людмілы Дабрынінай, развіццё і ўдасканаленне заканадаўчай базы ў галіне грашова-крэдытнай, бюджэтна-падатковай палітыкі з'яўляюцца неабходнымі для стварэння ўмоў стабільнага развіцця эканомікі Беларусі. "Законы аб бюджэтах павінны стаць трывалай фінансавай асновай для інавацыйнага развіцця эканомікі, фарміравання прывабнага дзелавога асяроддзя і ўстойлівага развіцця рэгіёнаў", - пераканана парламентарый.

Па выніках галасавання дэпутатаў Яўген Адаменка будзе кіраваць Пастаяннай камісіяй па аграрнай палітыцы. Паводле слоў парламентарыя, ён прыкладзе ўсе намаганні, каб паспяхова вырашаць задачы ў сферы АПК. Ён лічыць, што ў гэтай сферы ў краіне ўжо напрацавана добрая заканадаўчая база, аднак з улікам змяненняў у сельскай гаспадарцы асаблівую ўвагу варта звярнуць на падрыхтоўку законапраектаў і іншых дакументаў, накіраваных на забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, мадэрнізацыю эканомікі вёскі, стварэнне рабочых месц у рэгіёнах і іншых напрамкаў, рэгулюючых пытанні аграрнага сектара, у тым ліку пры рэалізацыі знешнепалітычнага курсу краіны.

Дэпутат Таццяна Кананчук узначаліць камісію па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. На працягу чатырох гадоў у пятым парламенцкім скліканні яна працавала ўжо ў гэтай камісіі. Паводле слоў Таццяны Кананчук, асноўная задача камісіі на цяперашнім этапе - выяўленне прававых прабелаў у заканадаўстве, якія аказваюць негатыўны ўплыў на стан навакольнага асяроддзя. "Важна правесці інвентарызацыю пераліку дазвольных дакументаў, якія даюць права ажыццяўлення прыродакарыстання як у мэтах аптымізацыі іх колькасці, так і спрашчэння працэдуры прадастаўлення прыродакарыстання", - лічыць парламентарый.

Камісіяй дэпутатаў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі будзе другі тэрмін запар кіраваць Андрэй Навумовіч. Важнейшымі напрамкамі дзейнасці камісіі ён лічыць далейшае эвалюцыйнае ўдасканаленне заканадаўчай базы ў мэтах найбольш поўнага забеспячэння рэалізацыі правоў і свабод грамадзян. "Мы прадоўжым практыку абмеркавання законапраектаў, а таксама маніторынгу дзеючага заканадаўства з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых асоб, уключаючы прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дзяржорганаў, навуковай супольнасці", - запэўніў Андрэй Навумовіч.

Ігар Марзалюк будзе старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Раней ён займаў пасаду ў верхняй палаце парламента. Ігар Марзалюк, у прыватнасці, звярнуў увагу, што ў бліжэйшы час на разгляд дэпутатаў паступіць праект новай рэдакцыі Кодэкса Беларусі аб адукацыі. На яго думку, Кодэкс з'яўляецца адным з важнейшых дакументаў краіны, у сувязі з чым дэпутаты павінны зрабіць усё неабходнае для таго, каб ён садзейнічаў развіццю школьнай адукацыі, павышэнню прэстыжу педагагічнай работы і статусу педагога, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі.

Старшынёй камісіі па працы і сацыяльных пытаннях стала Тамара Красоўская. Яна таксама не навічок у парламенце - была членам Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Паводле слоў Тамары Красоўскай, у цяперашніх умовах сур'ёзныя дэмаграфічныя выклікі патрабуюць павышанай увагі заканадаўцаў да запатрабаванняў і патрэб грамадзян. "Сёння кожны пяты гараджанін і кожны трэці вясковец - пенсіянеры, таму работа будзе накіравана на далейшую стабілізацыю пенсійнай сістэмы", - заўважыла парламентарый. Яна таксама звярнула ўвагу, што ўдасканаленне заканадаўства па сацыяльным абслугоўванні будзе нацэлена на развіццё сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу, пашырэнне форм жыццеўладкавання непрацаздольных грамадзян і ўстанаўленне стандартаў якасці сацыяльных паслуг.

Што датычыцца Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, яе кіраўніком у шостым скліканні парламента выбралі Людмілу Макарыну-Кібак. У ліку заканатворчых прыярытэтаў камісіі на бліжэйшыя чатыры гады яна бачыць пытанні фарміравання здаровага ладу жыцця, развіцця першаснай медыцынскай дапамогі, далейшую інфарматызацыю сферы аховы здароўя пры дапамозе стварэння Асабістага кабінета пацыента для павышэння адказнасці саміх пацыентаў за ўласнае здароўе, умацаванне айчыннай фармацэўтычнай вытворчасці, стварэнне эфектыўнай сістэмы няспыннай прафесійнага адукацыі медработнікаў.

Андрэй Рыбак выбраны кіраўніком камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі. Сярод іншага ён выказаў меркаванне, што транспартны комплекс краіны, які з'яўляецца, па сутнасці, крывяноснай сістэмай эканомікі, мае шэраг праблем прававога характару, якія перашкаджаюць яго далейшаму развіццю. "Мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб Беларусь вярнула сабе статус аднаго з галоўных транспартных калідораў Еўропы, максімальна выкарыстоўваючы сваё геаграфічнае становішча", - перакананы парламентарый.

Кіраўніком камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве выбраны Юрый Дарагакупец, які працаваў у Палаце прадстаўнікоў пятага склікання. Найбольш рэзанансны законапраект, які да выбараў 2016 года курыраваў гэты дэпутат, - "Аб абыходжанні з жывёламі" (пакуль не разглядаўся ў першым чытанні). Выступаючы перад калегамі ў Авальнай зале, Юрый Дарагакупец паведаміў, што ўжо настаў час разгледзець пытанні змяненняў і дапаўненняў у Жыллёвы кодэкс Беларусі. Паводле яго слоў, неабходна будзе таксама дапрацаваць у камісіі і вынесці на абмеркаванне дэпутатаў важны праект закона, які датычыцца пітнога водазабеспячэння.

Валерый Варанецкі выбраны старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Раней ён доўгі час працаваў на дыпламатычнай пасадзе, у тым ліку быў паслом Беларусі ў Аўстрыі. Валерый Варанецкі падзякаваў дэпутатам за аказаны яму давер. Адной з галоўных сваіх задач ён лічыць арганізацыю працы, накіраванай на максімальнае выкарыстанне магчымасцей дэпутацкага корпуса ў інтарэсах умацавання пазіцый і аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне. На яго думку, у сувязі з гэтым важна захаваць і прымножыць існуючы патэнцыял супрацоўніцтва з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі. Напрыклад, чакаецца падрыхтоўка і правядзенне ў Мінску ў 2017 годзе такіх маштабных міжпарламенцкіх мерапрыемстваў, як 26-я штогадовая сесія ПА АБСЕ, штогадовая сесія ПА ЦЕІ.-

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі