20 кастрычніка, Мінск /БЕЛТА/. Традыцыйны асенні марафон акадэмічнай і эстраднай музыкі стартаваў у беларускай сталіцы і прадоўжыцца да 7 лістапада.
Усяго ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца 15 канцэртаў. Выканаўцы з шасці краін - Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, Германіі і ЗША - падораць яркія эмоцыі беларускай публіцы.
Праект адкрыўся 20 кастрычніка выступленнем зорак-піяністаў: народнага артыста СССР Мікалая Пятрова і заслужанага артыста Расіі Аляксандра Гіндзіна з аркестрам Фрэнсіса Пуленка. Яны парадавалі сталічных меламанаў праграмай з шэдэўраў французскай рамантычнай музыкі.
21 кастрычніка эстафету прыме бліскучы ізраільскі дуэт Сіван Сільвер і Гіль Гарбург (абодва музыканты - стыпендыяты фондаў культуры ЗША і Ізраіля). У канцэрце таксама прымуць удзел беларускія выканаўцы.
У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча і сімфанічнага аркестра "Маладая Беларусь" Беларускай акадэміі музыкі выступіць у незвычайным амплуа ў канцэрце-экзамене "Магістр" Пётр Ялфімаў. Спявак, больш вядомы як эстрадны, выканае класіку, што, паводле слоў экспертаў, ён робіць не менш прафесійна.
Госцем музычнай восені ў Мінску стане Аркадзь Шылклопер: 27 кастрычніка ён выступіць са сваёй новай аўтарскай джазавай праграмай, дзе выкарыстоўваецца вялікі набор разнастайных духавых інструментаў.
28 кастрычніка публіку чакае сапраўдная феерыя акардэонаў і баянаў: у Мінску выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Квашэвіч.
Канцэрт 31 кастрычніка зменіць уяўленні многіх аб такім інструменце, як балалайка. На сцэне Белдзяржфілармоніі будзе іграць "Паганіні балалайкі" Андрэй Гарбачоў.
Выступленне Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Яўгена Глебава. Гэтай жа даце будзе прысвечана "Запрашэнне ў краіну дзяцінства" Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.
Канцэрт арганнай музыкі ў фестывальнай праграме 5 лістапада. Амерыканскі арганіст Рональд Эбрэхт канцэртуе па ўсім свеце.
Сярод яркіх канцэртаў таксама выступленне "Новага рускага квартэта", кожны з удзельнікаў якога вядомы беларускаму гледачу як індывідуальны музыкант. "Новы рускі квартэт" у складзе скрыпачак Юліі Ігонінай і Алены Харытонавай, альтыста Аляксандра Галкоўскага і віяланчэліста Аляксея Сцеблева выканае творы Франца Шуберта і Іаганеса Брамса.
Папулярныя песні з рэпертуару ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна ў выкананні артыстаў беларускай эстрады прагучаць 6 лістапада. Гэты канцэрт прысвечаны 40-годдзю творчай дзейнасці знакамітага калектыву.
Цырымонія закрыцця ХХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Беларуская музычная восень" адбудзецца 7 лістапада. Завяршальны канцэрт дасць Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Дрынеўскага.
Арганізатары фестывалю мастацтваў "Беларуская музычная восень" - Міністэрства культуры Беларусі, Беларуская дзяржаўная філармонія.-0-