30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар'еры выйграла турнір серыі "Вялікага шлема" - адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісу. Гэта дало магчымасць ёй таксама ўпершыню стаць першай у сусветным рэйтынгу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На кортах "Мельбурн Парку" 28 студзеня ў вырашальным паядынку адзіночнага разраду Australian Open лепшая беларуская тэнісістка абыграла расіянку Марыю Шарапаву - 6:3, 6:0. 22-гадовая беларуска нервова пачала гэту гульню і спачатку ўступала з лікам 0:2. Аднак затым Вікторыя ўзяла сябе ў рукі і выйграла першы сэт - 6:3. У другой партыі беларуска адразу пачала гуляць вельмі ўпэўнена і агрэсіўна, узяўшы падачу саперніцы, а затым ужо не ўпускала перавагі.
Пасля гэтай перамогі Вікторыя Азаранка выйшла наперад у асабістых сустрэчах з Марыяй Шарапавай - 4:3.
На сёлетнім турніры наша суайчынніца па чарзе абыграла брытанку Хізэр Уотсан (105) - 6:1, 6:0, аўстралійку Кейсі Дэлакуа (126) - 6:1, 6:0, немку Мону Бартэль (44) - 6:2, 6:4, чэшку Івету Бенешаву (46) - 6:2, 6:2, польку Агнешку Радваньску (8) - 6:7, 6:0, 6:2 і мінулагоднюю пераможцу Australian open бельгійку Кім Клійстэрс (14) - 6:4, 1:6, 6:3.
У гэтым сезоне Вікторыя Азаранка ўжо другі раз выйграла турнір WTA - у пачатку студзеня яна была лепшай на турніры ў Сіднэі, а ўсяго ў яе кар'еры цяпер 10 перамог у спаборніцтвах пад эгідай WTA.
Пасля трыумфу ў Мельбурне Вікторыя Азаранка адправіцца ў амерыканскі Уорчэстэр, дзе ў наступны ўік-энд згуляе ў складзе зборнай Беларусі ў матчы першага раўнда ІІ Сусветнай групы Кубка Федэрацыі з камандай ЗША.
Прэзідэнт Беларусі павіншаваў Вікторыю Азаранка з перамогай на турніры Australian Open і ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені.