26 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У МЗС Беларусі лічаць рэзалюцыю ПАСЕ па Беларусі звычайным шаблонным дакументам. Аб гэтым сёння на брыфінгу заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыняты даклад можна назваць звычайным шаблонным дакументам, напісаным на аснове сумніўных матэрыялаў і фальшывых абвінавачанняў з сеткі Інтэрнэт. Аўтар (Андрэс Херкель, дакладчык ПАСЕ па Беларусі, лідар эстонскай дэлегацыі ў Савеце Еўропы. - Заўвага БЕЛТА) Беларусь не наведваў і па беларускую візу не звяртаўся. Яго не было сярод членаў парламенцкай дэлегацыі Эстоніі, якая наведала Мінск у кастрычніку мінулага года ў рамках міжпарламенцкага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Гэта шмат аб чым сведчыць", - сказаў Андрэй Савіных.
Акрамя таго, паводле яго слоў, ПАСЕ нават не запрасіла беларускіх парламентарыяў на разгляд гэтага опуса. "Гэта з'яўляецца відавочным доказам прадузятасці і ангажаванасці іх падыходаў. Ва ўсіх такіх дзеяннях апошнім часам мы бачым вельмі мала разумнага сэнсу, адсутнічае логіка. Яны хутчэй накіраваны на абслугоўванне кар'ерных, рэпутацыйных або палітычных патрэб саміх ініцыятараў", - дадаў прэс-сакратар беларускага МЗС.