18 сакавіка, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Сусветны банк пашырыў магчымасці фінансавай падтрымкі Беларусі і разлічвае на далейшае паглыбленне партнёрства. Аб гэтым заявіў віцэ-прэзідэнт СБ па рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі Філіп Лэ Уэру сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы пашырылі магчымасці фінансавай падтрымкі Беларусі і спадзяёмся на далейшую работу ў гэтым напрамку", - сказаў Філіп Лэ Уэру.
"Партнёрства грунтуецца на даверы. Беларусь і Сусветны банк - партнёры ўжо больш як 10 гадоў. Мы вельмі задаволены дасягнутымі вынікамі і спадзяёмся, што на працягу наступных 10 гадоў супрацоўніцтва яны будуць толькі паляпшацца", - падкрэсліў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка.
Філіп Лэ Уэру павіншаваў урад Беларусі з тымі значнымі поспехамі ў развіцці эканомікі, якія назіраліся на працягу апошніх 10 гадоў. "Вы змаглі забяспечыць такі эканамічны рост, які бліжэйшы да кітайскага, чым да еўрапейскага, змаглі істотна знізіць узровень беднасці ў краіне", - сказаў ён. Гаворачы аб мінулым этапе ўзаемадзеяння Беларусі і Сусветнага банка, Філіп Лэ Уэру адзначыў: "Я бачу, што нашы сумесныя праекты ў Беларусі працуюць вельмі добра. Гэта прыкмета высокага ўзроўню дзяржкіравання ў краіне, што ў сваю чаргу з'яўляецца важным элементам, які неабходны для развіцця прыватнага сектара".
У час свайго візіту віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка "хацеў бы вывучыць, якім чынам былі дасягнуты такія вынікі эканамічнага развіцця". На яго думку, іншыя краіны могуць атрымаць карысны вопыт з развіцця Беларусі.
Яшчэ адным важным напрамкам, у якім Беларусь дасягнула значнага прагрэсу, прадстаўнік Сусветнага банка назваў работу па павышэнню энергаэфектыўнасці ў краіне. Гэта праблема актуальная для ўсяго рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Напрыклад, у Расіі патэнцыял эканоміі энергарэсурсаў роўны аб'ёму спажывання такіх рэсурсаў у Францыі. "Беларусь лідзіруе па гэтаму напрамку. Мы рады, што мы на вашым баку і падтрымліваем Беларусь адпаведнай праграмай па энергаэфектыўнасці", - сказаў Філіп Лэ Уэру.
Закранаючы пытанні далейшага развіцця Беларусі, ён выказаў думку, што прынятая ў рэспубліцы стратэгія эканамічнага развіцця правільна арыентавана. "Мыгчыма, мы зможам дапамагчы вам у дасягненні запланаваных мэт", - дадаў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка.
Плануецца, што сёння ў Мінску адбудзецца семінар з удзелам спецыялістаў Сусветнага банка, членаў урада і прадстаўнікоў шэрага міністэрстваў Беларусі. "На семінары мы будзем абмяркоўваць праблемы вяртання Беларусі да тых высокіх тэмпаў эканамічнага росту, якія назіраліся ў апошнія 10 гадоў", - адзначыў Філіп Лэ Уэру.
Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час краіне ўвогуле было выдзелена $643 млн. на рэалізацыю дзевяці праектаў, каля 30 нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму $18 млн. Цяпер Беларусь выкарыстоўвае сродкі Сусветнага банка для фінансавання чатырох праектаў па развіццю інфраструктуры.
У канцы 2009 года Сусветны банк прыняў удакладненую Стратэгію супрацоўніцтва з Беларуссю на 2008-2011 гады. Дакументам прадугледжана павелічэнне ў 2010-2011 гадах штогод даступнага аб'ёму фінансавай дапамогі Беларусі са $100 млн. да $250 млн. Гэта дасць магчымасць узмацніць сумесную работу над узаемавыгаднымі праектамі.
У снежні 2009 года Беларусь атрымала ад Сусветнага банка пазыку на мэты развіцця ў аб'ёме $200 млн.
Як паведамлялася БЕЛТА раней, у 2011 годзе Сусветны банк можа прадаставіць Беларусі яшчэ адну пазыку на мэты развіцця ў аб'ёме $100 млн. пры ўмове прагрэсу ў галіне структурных рэформ. Аднак канчатковы ўзровень крэдытавання будзе залежаць ад агульнага крэдытнага патэнцыялу Сусветнага банка.-0-