9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польшча хацела б стаць варотамі для беларускага сельгасэкспарту ў ЕС. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Марак Савіцкі на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы хацелі б стаць варотамі для беларускага сельгасэкспарту ў ЕС", - сказаў Марак Савіцкі. "Мы таксама хацелі б, каб удзел у абмене вопытам, тэхналогіямі, удзел у выстаўках, кірмашах быў больш шырокім, чым да гэтага часу", - дадаў ён.
Марак Савіцкі падкрэсліў, што для Польшчы супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляецца важным, асабліва з улікам створанага Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. "Застаецца адно пытанне: ці будзе доступ да гэтага вялікага рынку такім жа добрым і адкрытым, як быў дагэтуль", - адзначыў міністр.
У цэлым ён лічыць, што той вопыт, які Польшча зможа пераняць у Беларусі ў сельскай гаспадарцы, будзе цікавы і карысны, хоць структура ўласнасці ў краінах і адрозніваецца. У Польшчы функцыянуе каля 1,5 млн. прыватных сельскіх гаспадарак. У Беларусі ж захавана буйнатаварная вытворчасць. На думку Марака Савіцкага, Польшчы з такой здробненай сельскай гаспадаркай складана канкурыраваць з буйнымі фермамі Беларусі, Латвіі, Літвы.
Па выніках 2009 года тавараабарот арганізацый Мінсельгасхарча Беларусі з Польшчай склаў $97,4 млн. (экспарт - $39,5 млн., імпарт - $57,9 млн.). Асноўнымі экспартнымі таварамі з'яўляліся сухое абястлушчанае і сухое натуральнае малако, казеін, шкуры буйной рагатай жывёлы.-0-