Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Feb 2018

Лукашэнка разлічвае на аднаўленне ўзроўню беларуска-алжырскіх адносін

Лукашэнка разлічвае на аднаўленне ўзроўню беларуска-алжырскіх адносін

20 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на аднаўленне ўзроўню беларуска-алжырскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Алжыра Абдэлькадэрам Месахелем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай дружалюбнай краінай, нельга прызнаць здавальняючым. Тым больш на фоне падзення гандлёва-эканамічных сувязей. У гэтым і ваша, і наша віна, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Таму я невыпадкова жартам, але зусім сур'ёзна заўважыў, што вы нарэшце прыехалі ў Мінск, разлічваючы на тое, што ваш візіт дасць сур'ёзны імпульс развіццю адносін, і мы хаця б адновім той узровень, які некалі быў паміж нашымі краінамі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней аб'ём двухбаковага гандлю паміж краінамі дасягаў больш як $200 млн у год. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ёсць усе магчымасці для аднаўлення былых пазіцый.

Невысокі ўзровень беларуска-алжырскага супрацоўніцтва абумоўлены прыярытэтамі гандлю Алжыра з краінамі Еўрасаюза, дзе дзяржава карыстаецца льготнымі ўмовамі ў выглядзе нулявой тарыфнай стаўкі. З 2015 года экспарт беларускіх тавараў рэзка зменшыўся ў сувязі з прынятымі алжырскім урадам мерамі па абмежаванні імпарту з-за эканамічнага спаду, выкліканага падзеннем сусветных цэн на нафту. Так, у 2017 годзе аб'ём тавараабароту склаў амаль $2 млн. Беларусь пастаўляе ў Алжыр галоўным чынам калійныя ўгнаенні і канцылярскія вырабы, імпартуе лекавыя сродкі і фрукты.

Па выніках перагавораў бакі дамовіліся вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на новы, значна больш высокі ўзровень. Пры гэтым дзяржавы гатовы больш актыўна рухацца ў гэтым напрамку і прытрымлівацца набытага вопыту глыбокага ўзаемадзеяння. Актыўны ўдзел у гэтых працэсах прымуць і бізнес-колы абедзвюх краін.

Цікавасць Беларусі да Алжыра тлумачыцца яго геапалітычным становішчам. Гэта дзяржава - самая вялікая па плошчы на афрыканскім кантыненце і мяжуе з некалькімі краінамі, што адкрывае вялікія магчымасці для Беларусі ў гандлёва-эканамічнай сферы.

Найбольшыя перспектывы для развіцця беларуска-алжырскага супрацоўніцтва бачацца ў сельскагаспадарчай і прамысловай сферах. У прыватнасці, Беларусь гатова пастаўляць харчовыя тавары (Алжыр зацікаўлены ў малочнай прадукцыі і збожжы), экспартаваць тэхніку або ствараць зборачныя вытворчасці ў свабодных нішах.

Зацікаўлены Алжыр і ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў ваенна-тэхнічнай сферы, паколькі надае вялікае значэнне пытанням бяспекі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі