Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

16 Кст 2018

Лукашэнка патрабуе больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне і змагацца з пасрэдніцтвам

Лукашэнка патрабуе больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне і змагацца з пасрэдніцтвам

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне і змагацца з пасрэдніцтвам. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў сёння прэм'ер-міністру Сяргею Румасу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы адкрылі вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Паглядзіце, колькі там беларускага - мізэрна мала. А нам трэба, каб мы выраблялі ўсё сваё. Давайце будзем рабіць там сядзенні для аўтамабіляў, няхай з часам - рухавікі, трансмісіі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускім прадпрыемствам трэба пераймаць сусветныя тэхналогіі, закупляць адпаведнае абсталяванне і вырабляць па імпартазамяшчэнні ўсё неабходнае.

"Гэтага хопіць на ўсё наша жыццё і нашым дзецям для развіцця эканомікі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў вачах часам становіцца цёмна: ад зубачыстак да рухавікоў. Імпартазамяшчэнне - вельмі важнае пытанне. Нічога не трэба выдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектуючыя".

Закранаючы праблему пасрэдніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яно часта становіцца асновай для карупцыйных схем. "За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым у турму, і перш за ўсё чыноўнікі? Усе павязаны пасрэдніцкімі схемамі. І што ўражвае - у нас пасрэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем, і праз пасрэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць", - абурыўся Прэзідэнт.

"Пасрэднікі сёння ў банках бяруць грошы, купляюць прадукцыю і перапрадаюць тут жа нашым прадпрыемствам. Гэта абсурд поўны! Ды і трэба паглядзець пасрэднікаў па імпарце, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Я не хачу выдаваць нейкія нярыначныя рэкамендацыі, але пасрэдніцтва стала праблемай. Раней гэта называлі спекуляцыяй: купі і перапрадай. І ў гэтым ланцужку нават некалькі пасрэднікаў. За кошт гэтага цана павялічваецца на 30-50 працэнтаў, а часам і больш".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што раней ставіў задачу заняцца гэтай праблемай старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніду Анфімаву, аднак зрухаў пакуль не ўбачыў. Прэзідэнт даручыў Сяргею Румасу ўзяць на свой кантроль пытанні развіцця імпартазамяшчэння і барацьбы з пасрэдніцтвам і да канца года ўнесці адпаведныя прапановы.

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля даклада кіраўніку дзяржавы, Сяргей Румас адзначыў, што заданні ў сферы імпартазамяшчэння даведзены да кожнага міністэрства. Адным з прыкладаў таго, як можа быць арганізавана гэта работа, з'яўляецца Аршанскі рэгіён. "Сёння ў Оршы ёсць некалькі буйных заводаў, якія маюць лішнія плошчы. Яны з'яўляюцца вельмі добрымі пляцоўкамі для размяшчэння імпартазамяшчальных вытворчасцей, у прыватнасці для нашага аўтамабілебудавання. Гэта адзін з напрамкаў. Па ўсіх іншых відах прадукцыі (дзе ёсць магчымасць і ў Беларусі ёсць канкурэнтныя ўмовы для яе вытворчасці) урад будзе стымуляваць стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей", - заявіў прэм'ер-міністр.

Што датычыцца пасрэдніцтва, Сяргей Румас удакладніў, што ні ў адным з даручэнняў няма поўнай забароны, паколькі пасрэдніцтва ў некаторых сферах і галінах неабходна. "Той жа магазін, у якім мы купляем прадукты, - гэта своеасаблівы пасрэднік. Рознічная сетка, аптовыя базы - гэта вымушаныя неабходныя элементы пасрэдніцтва і сучаснага гандлю", - сказаў ён.

Адначасова прэм'ер-міністр канстатаваў, што выяўляецца шмат фактаў, калі цана тавару, які праходзіць праз некалькі рук, павялічваецца на кожным звяне гэтага ланцужка. "І калі кіраўнік дзяржавы гаворыць аб тым, што неабходна выкараняць пасрэдніцтва, ён у першую чаргу мае на ўвазе такія прыклады, якія вядуць да неканкурэнтаздольнасці прадукцыі", - адзначыў Сяргей Румас.

Ва ўрадзе на кантролі тры даручэнні Прэзідэнта, якія датычацца розных аспектаў пасрэдніцтва. "Праведзена ўжо вялікая работа па выбудоўванні аптымальных з пункту гледжання эканамічнага сэнсу спосабаў продажаў як беларускай, так і імпартнай прадукцыі. Гэта адно з пытанняў, якое павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі", - заявіў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас падкрэсліў, што ў канчатковым выніку на вяршыні ўсяго павінна стаяць эканамічная мэтазгоднасць: "Калі пасрэдніцтва дапамагае павялічыць аб'ёмы продажаў, больш эфектыўна з меншымі выдаткамі прадаваць прадукцыю, значыць, яно мае права на жыццё. Але калі ў рамках аднаго населенага пункта або аднаго прадпрыемства тавар праходзіць праз некалькі рук, зразумела, ад гэтага можна адмовіцца, тым самым павысіўшы эфектыўнасць дзейнасці".

Адказваючы на пытанне, ці не замешаны ў выяўляемых пасрэдніцкіх схемах карупцыйны складнік, прэм'ер-міністр выказаў меркаванне, што гэта не масавая з'ява, хоць такія факты не выкаранены. "Мне здаецца, што частка кіраўнікоў могуць проста ісці па шляху найменшага супраціўлення. Таму што самому выбудоўваць тавараправодныя сеткі, схемы продажаў бывае цяжэй, чым проста некаму аддаць на рэалізацыю, або што-небудзь купляць у некага, хто прапануе хуткія ўмовы, але не самыя добрыя з эканамічнага пункту гледжання. Думаю, тут няма ўніверсальнага рэцэпта. Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна з пункту гледжання выгады для прадпрыемства", - сказаў Сяргей Румас.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі