5 кастрычніка, Мінск /БЕЛТА/. "Вечарам Кармэн" на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь стартаваў IV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Мінску.
Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел сімфанічны аркестр "Новая Расія" пад кіраўніцтвам маэстра Башмета, артысты Беларускай і Баварскай оперы, знакамітая прыма-балерына Марыінскага тэатра Ульяна Лапаткіна, салісты балета Вялікага акадэмічнага тэатра Расіі, балетная трупа опернага тэатра Украіны.
У фестывальныя дні на сцэне Белдзяржфілармоніі, а таксама ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пройдуць канцэрты з удзелам зорак сусветнай музыкі, салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, Сімфанічнага аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Фестываль Юрыя Башмета ў Мінску унікальны тым, што побач з вялікімі музыкантамі будуць выступаць маладыя таленты - піяністы, скрыпачы, віяланчэлісты.
У дні фестывалю пройдзе акадэмія, дзе сустрэнуцца маладыя таленты з Беларусі і краін СНД, і з імі будуць увесь фестывальны тыдзень працаваць і сумесна выступаць вядучыя прафесары з Лондана, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кёльна, Мадрыда. З зорак новага пакалення выступіць беларускі піяніст Расціслаў Крымер - выпускнік Рэспубліканскага музычнага каледжа і музычных акадэмій у Хельсінкі і Кёльне, а таксама аспірантуры Каралеўскай музычнай акадэміі ў Лондане. Ён жа ідэйны натхняльнік і мастацкі кіраўнік фестывалю.
Фестываль у Мінску, таксама як і фестывалі класічнай музыкі ў аўстрыйскім Зальцбургу і ў швейцарскім Верб'е, шапэнаўскі фестываль у Польшчы і рыхтэраўскія "Снежаньскія вечары" ў Маскве, з'яўляецца фестывалем сусветнага ўзроўню і па сузор'ю імён, і па канцэпцыі, і па міжнароднаму рэзанансу.
Гледачы з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з легендарным "Паганіні альта" - Юрыем Башметам. У рэпертуары музыканта, які адкрыў свету альт як саліруючы інструмент, ёсць творы, выкананне якіх прызнана непераўзыдзеным у гісторыі музычнага мастацтва. Юрый Башмет з'яўляецца прафесарам Маскоўскай кансерваторыі, праводзіць майстар-класы ў Японіі, Еўропе, Амерыцы і Ганконгу; выкладае ў Акадэміях Кіджана (Італія) і ў Туры (Францыя). У якасці дырыжора Юрый Башмет выступае з лепшымі сімфанічнымі аркестрамі: Berlin Philharmonic, New York Philharmonic, Bayerische Rundfunk, San Francisco Symphony, Chicago Symphony, Wiener Philharmonic, Orchestra Radio France, Orchestra de Paris і іншымі. На мінскім фестывалі Юрый Башмет будзе выступаць як альт і як дырыжор аркестра "Новая Расія".-0-