31 студзеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Генеральны кантракт на будаўніцтва АЭС у Беларусі плануецца падпісаць у чэрвені 2012 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Анатоль Бондар.
У першым квартале 2012 года плануецца падпісаць тры першачарговыя кантракты па будаўніцтву АЭС, прычым падпісанне першага з іх чакаецца не пазней за люты. "Мы выдзелілі першачарговыя работы, ахапіўшы іх трыма кантрактамі. Першы з іх павінен быць у хуткім часе падпісаны. Што датычыцца генеральнага кантракта на будаўніцтва АЭС, то яго плануецца заключыць у чэрвені бягучага года", - адзначыў Анатоль Бондар.
Ён растлумачыў, што падпісанне першачарговых кантрактаў створыць неабходную базу для работ па катлавану АЭС, пачатак якіх запланаваны ў чэрвені 2012 года.
Кантрактнае пагадненне па будаўніцтву беларускай АЭС паміж расійскім генеральным падрадчыкам ЗАТ "Атамбудэкспарт" і беларускім заказчыкам - Дырэкцыяй будаўніцтва атамнай электрастанцыі было падпісана ў кастрычніку 2011 года. Пагадненне па прававой сутнасці з'яўляецца папярэднім дагаворам па ўзвядзенню АЭС, палажэнні якога будуць у далейшым разгорнуты ў генеральным кантракце. У кантрактным пагадненні вызначаны асноўныя абавязацельствы бакоў па ўзвядзенню станцыі, кошт будаўніцтва і ўмовы плацяжоў.
Атамную электрычную станцыю ў Беларусі пабудуюць на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці па расійскаму праекту АЭС-2006, распрацаванаму ААТ "Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут "Атамэнергапраект" (уваходзіць у расійскую дзяржкарпарацыю "Расатам"). Цяпер там вядуцца падрыхтоўчыя работы, ідзе будаўніцтва аўтамабільнай дарогі і чыгункі, ствараецца вытворчая база.