Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Навіны

Навіны Беларусі

6 Ліп 2010

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" ў гэтым годзе пашырыць геаграфію ўдзельнікаў да 34 краін

Фестываль

5 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 5 тыс. артыстаў і выканаўцаў з 34 краін свету прымуць удзел у XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Упершыню на музычны форум прыедуць прадстаўнікі Чарнагорыі, Панамы і Кубы. Аб гэтым  паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 "Падрыхтоўка фестывалю выйшла на фінішную прамую, таму сёння ўжо можна адназначна гаварыць і аб фестывальнай праграме, і аб тых сюрпрызах, якія рыхтуюцца для гледачоў", - адзначыў ён. У гэтым годзе фестывальны тыдзень "умесціць" 70 творчых праектаў, для правядзення якіх будуць задзейнічаны 16 канцэртных і творчых пляцовак горада. Толькі ў Летнім амфітэатры пройдзе 19 канцэртаў, а першым на яго сцэну ўжо 7 ліпеня выйдзе Юрый Антонаў з сольнай праграмай.

Па традыцыі, зорным і інтэрнацыянальным складам удзельнікаў вылучаецца ўрачыстае адкрыццё песеннага форуму - Мікалай Баскаў, Ларыса Доліна, Дзмітрый Хварастоўскі, Юрый Антонаў, Стас Міхайлаў, Алена Ваенга, Іна Афанасьева, ансамблі "Песняры" і "Сябры", Таісія Павалій, Томас Андэрс, ЧЭНІ і НЕВЕГРЫН, Хелена Вандрачкава.

 Упершыню абноўленая плошча Перамогі стане месцам правядзення адразу двух канцэртаў. Першымі 10 ліпеня апрабуюць магчымасці новага фестывальнага аб'екта ўдзельнікі конкурсу "Еўрабачанне" мінулых гадоў. Потым 14 ліпеня плошча будзе прадастаўлена ў распараджэнне пераможцы Еўрабачання -2008 Дзімы Білана і яго паклоннікаў.

Паводле слоў Радзівона Баса, упершыню за ўсю гісторыю яго правядзення на віцебскім фестывалі пройдуць сольныя канцэрты зорак замежнай эстрады. 8 ліпеня фестывальная публіка атрымае магчымасць пабываць на выступленні Томаса Андэрса, а 12 ліпеня ў Летнім амфітэатры збяруцца паклоннікі італьянскай эстрады на "сольніку" Тота Кутуньё.

 Да апошняга моманту ўдакладняўся склад творчага калектыву канцэрта Дня Украіны на "Славянскім базары", аб якім стала вядома толькі напярэдадні, адзначыў Радзівон Бас. У гэтым годзе краіну будуць прадстаўляць Таісія Павалій і Мікалай Гнацюк, а таксама шэраг маладых выканаўцаў, вакальных груп, харэаграфічных і цыркавых калектываў.

У міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў прымуць удзел 19 канкурсантаў з 19 краін, у тым ліку ўпершыню ўключыцца ў барацьбу за Гран-пры прадстаўнік Кубы. Беларусь будзе прадстаўляць саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць Таісія Павалій.

 На дзіцячым песенным конкурсе, які пройдзе 8-ы раз, будуць прадстаўлены 22 удзельнікі з 19 краін, у тым ліку першы раз юныя артысты з Нідэрландаў і Чарнагорыі. За Беларусь выступяць Злата Ларчанка і Ганна Зайцава.

 XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня.-0-

Your mail*:
Friend mail*:
Your message:
 
Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз