3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На працягу наступных трох гадоў (2011-2013) Еўрапейскі саюз прадаставіць сваім суседзям больш як 5,7 млрд. еўра ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС). Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі і Украіне.
Гэтыя сродкі будуць выдзелены з бюджэту Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства (ENPI) для ўмацавання палітычнага супрацоўніцтва і развіцця эканамічнай інтэграцыі паміж Еўрасаюзам і суседнімі дзяржавамі. Фінансаванне таксама падтрымае праекты па барацьбе са змяненнямі клімату, у транспартнай сферы, у энергетыцы і ахове навакольнага асяроддзя.
"Мы хочам яшчэ больш інтэнсіўна супрацоўнічаць з нашымі суседзямі, даказваючы, што ЕС застаецца трывалым і надзейным партнёрам у гэты нялёгкі час", - пракаменціраваў падзею віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі і высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
2 сакавіка Калегія еўрапейскіх камісараў прыняла 16 з 19 праграм Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства. Сярод іх 13 новых праграм для краін - удзельніц ЕПС: Азербайджана, Алжыра, Арменіі, Егіпта, Грузіі, Ізраіля, Іарданіі, Лівана, Марока, Малдовы, Сірыі, Туніса і Украіны; першая ў гісторыі ЕПС праграма падтрымкі Лівіі; новая рэгіянальная праграма развіцця ўсходніх суседзяў ЕС (2010-2013) для падтрымкі "Усходняга партнёрства" - усходняга вымярэння ЕПС; новая міжрэгіянальная праграма для фінансавання студэнцкіх абменаў, універсітэцкага і культурнага супрацоўніцтва, кантактаў паміж прадстаўнікамі мясцовых і рэгіянальных органаў улады.
У хуткім часе Еўракамісія разгледзіць яшчэ тры праграмы: спецыяльную праграму для Беларусі, шматнацыянальную праграму Еўрапейска-міжземнаморскага партнёрства, а таксама Трансгранічныя аперацыйныя праграмы.
Нагадаем, што ЕПС была заснавана ў 2004 годзе. Палітыка выходзіць за межы традыцыйнага палітычнага супрацоўніцтва для развіцця эканамічнай інтэграцыі і для падтрымкі рэформ, неабходных для стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця краін - партнёраў ЕС. Нядаўна ЕПС была ўзмоцнена дзвюма ініцыятывамі рэгіянальнага супрацоўніцтва: Саюзам для Міжземнамор'я і "Усходнім партнёрствам".-0-