19 красавіка, Кішынёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусі і Малдове трэба больш актыўна развіваць сумесныя прадпрыемствы і ствараць новыя вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы ў пашыраным фармаце з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з меркаваннем прэм'ер-міністра Малдовы, што краіны звязваюць не толькі сентыментальныя дружалюбныя адносіны, але і прагматычнае супрацоўніцтва. "І мы на гэтым шляху нямала зрабілі, гэта добры фундамент нашых адносін. Але заўсёды паўстае пытанне, а што далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што краінам трэба больш актыўна развіваць сумесныя праекты, ствараць новыя прадпрыемствы, шукаць новыя напрамкі для супрацоўніцтва. "Дзве тысячы ліфтаў, паводле даных вашага ўрада, трэба мяняць. Ліфты робяць у нас, прычым выйшлі з імі на касмічны ўзровень. Чаму мы не можам тут іх збіраць? Можам. Трэба аўтобусы - давайце будзем разам вырабляць", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, так Беларусь і Малдова выйдуць на новы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва. "Мы за гэта грошы з вас не бяром. Мы гатовы акрамя ўсяго іншага - і гэта галоўнае (не сумесныя прадпрыемствы, не тавар) - людзей навучыць. У вас з'явяцца новыя кадры і прадпрыемствы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы прывёў узаемадзеянне беларускіх вучоных з інстытутам раслінаводства "Парумбень", які ён наведаў з Ігарам Дадонам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вучоныя абедзвюх краін не проста выбудавалі надзейныя адносіны і актыўна развіваюць іх, але і заўсёды думаюць аб новых сумесных праектах. Гэта ўзаемавыгадна для дзвюх дзяржаў.