7 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан актыўна выбудоўваюць узаемаадносіны ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Анатолем Смірновым, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што яшчэ адзін наш сябар па аб'ектыўных прычынах пакідае краіну. Анатоль Смірноў, які тры гады прапрацаваў у Беларусі, завяршае сваю дыпламатычную місію. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што пасол у краіне прысутнасці павінен паляпшаць адносіны паміж дзяржавамі і ва ўсёй палітры ўзаемаадносін і праблем знаходзіць лепшае, бачыць тыя праблемы, якія трэба вырашаць. "На жаль, гэта не заўсёды так. Беларусь бачыць гэта на сваім вопыце. Вы якраз з'яўляецеся тым чалавекам, якога ў поўным сэнсе гэтага слова можна назваць пасланнікам дружалюбнага нам Казахстана, з якім у нас выбудоўваюцца стратэгічныя адносіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Казахстан сёння знаходзяцца ў самым блізкім інтэграцыйным эканамічным аб'яднанні, а таксама ў ваенна-палітычным аб'яднанні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць заслуга Анатоля Смірнова ў такім цесным інтэграцыйным супрацоўніцтве: "Вы заўсёды былі актыўным чалавекам і заўсёды актыўна, наколькі гэта магчыма, развівалі нашы адносіны".
Аляксандр Лукашэнка выказаў словы вялікай удзячнасці паслу Казахстана за яго істотны ўклад у развіццё беларуска-казахстанскага ўзаемадзеяння. Ён адзначыў, што ў Беларусі заўсёды рады будуць бачыць Анатоля Смірнова. Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што таму, хто прыедзе на змену Анатолю Смірнову, створаны ўсе неабходныя ўмовы для дзейнасці на карысць развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.