27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 40 шведскіх спецыялістаў будуць манціраваць сцэну дзіцячага "Еўрабачання-2010" у Мінску. Аб гэтым расказаў журналістам тэхнічны дырэктар шведскай кампаніі HD Resources Бо Уолберг, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Несумненна, шведам будуць дапамагаць беларускія спецыялісты, плануецца таксама запрасіць украінскіх прафесіяналаў. Мантаж сцэны папулярнага тэлешоу Еўропы ў "Мінск-Арэне" будзе прадаўжацца амаль два тыдні.
Зменшаную копію сцэны, якую 20 лістапада гэтага года апрабуюць канкурсанты дзіцячага "Еўрабачання" з 14 краін і ўбачаць гледачы ў 15-тысячнай зале, 26 жніўня прадставілі беларускім журналістам. У аснову праекта сцэны пакладзены ідэі і прапановы прадзюсераў Белтэлерадыёкампаніі, якая адказвае за арганізацыю маштабнага дзіцячага свята. Блакітны колер святла сцэны ўзяты за асноўны з палітры лагатыпа конкурсу. Астатнія колеры вясёлкі, што прысутнічаюць у лагатыпе, з'явяцца на сцэне ў выглядзе светлавога афармлення.
Сцэну будуць складаць некалькі канструкцый, якія па форме нагадваюць крылы, і круглыя подыумы-сцэны для выканаўцаў і вядучых шоу. Канструкцыя-крылы з'явілася таму, што Беларусь называюць зямлёй пад белымі крыламі, растлумачыў Бо Уолберг. Акрамя таго, гэта своеасаблівы мост, які злучае розныя краіны. Дызайнеры сцэны не раскрываюць сакрэтаў аб афармленні "зялёнага" пакоя, дзе артысты будуць знаходзяцца ў чаканні вынікаў галасавання.
Каля сцэны, у партэры, будзе знаходзіцца танцпол. Усе канструкцыі сцэны зробяць беларускія вытворцы.
Плануецца, што трансляцыя шоу будзе ажыццяўляцца з дапамогай 11 камер. Аднак, паводле слоў Бо Уолберга, іх колькасць не мае значэння, важна тое, што яны змогуць паказаць. Арганізатары спадзяюцца, што будзе задзейнічана камера, якая ахопіць "Мінск-Арэну" з самага высокага пункта, паколькі гэта відовішча вельмі прыгожае.
Арганізатары маштабнага дзіцячага свята ў Мінску абяцаюць прадставіць феерычнае і эксклюзіўнае шоу, цікавае і дзецям, і дарослым. Паводле слоў Бо Уолберга, "Мінск-Арэна" настолькі сучасная і цудоўная, што арганізаваць незабыўнае шоу ёсць абсалютна ўсе магчымасці.