13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе даць прынцыповую ацэнку развіццю зімовых відаў спорту ў краіне, зыходзячы з вынікаў праведзенай Алімпіяды. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы закрануў сітуацыю ў розных зімовых відах спорту і падняў канкрэтныя праблемныя пытанні.
"Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя ўмовы, створаныя, напрыклад, для падрыхтоўкі хакеістаў, яны наогул не трапілі на Алімпіяду. Правалілі другую запар кваліфікацыю, уступіўшы Славеніі. Вы помніце гэту ганьбу дома, у Мінску. Апошні чэмпіянат свету ў Парыжы наша зборная завяршыла на грані вылету з вышэйшага дывізіёна", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў параўнаць гульню цяперашняй зборнай Беларусі па хакеі з гульнёй нямецкай каманды. "Калісьці мы наогул сур'ёзна не ўспрымалі нямецкую зборную. Зусім нядаўна - 2-3 гады таму. І дзе сёння немцы, і дзе сёння мы? Зноў, скажаце, чагосьці вам не хапіла? З дзесяці мільёнаў не хапіла выбраць 20 чалавек, каб дастойна выглядаць і трапіць на Алімпіяду. Але ж гэты від спорту пастаянна на вачах, і для яго нямала зроблена", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ў краіне пабудавана амаль 40 хакейных арэн. "У параўнанні з самым паспяховым для нас 2002 годам колькасць тых, хто займаецца, павялічылася больш як у два разы, штатных трэнераў - амаль у тры разы. А выніку няма. Дакладней, ён ёсць, але б лепш яго не было. І рэальных перспектыў пакуль не відаць. Але пажывём - убачым. На носе чэмпіянат свету", - папярэдзіў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у мужчынскім біятлоне вынікі Алімпіяды ў Рэспубліцы Карэя засмучальныя. "Часам глядзіш на нашых мужыкоў, якія бегаюць з вінтоўкамі, і такой ганьбы... Хацелася б куды-небудзь ад яе схавацца - кудысьці пад венік, пад плінтус запаўзці, каб гэтага не бачыць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У жаночай камандзе не відаць, хто прыйдзе на змену Домрачавай і Скардзіна. І калі нехта ацэньвае выступленне жаночай каманды па біятлоне як паспяховае, то я прапанаваў бы гэтым людзям ачнуцца і паглядзець рэальна на тое, як выступалі нашы біятланісты наогул і дзяўчаты таксама".
"І наогул павінен сказаць, што наша золата на Алімпіядзе хутчэй выпадковае, чым заканамернае. Усё золата. Але гэта спорт. Ёсць вынік - нічога не скажаш. Але галоўнае, каб мы за гэтымі вынікамі бачылі праблемы, якія ў нас існуюць. І ў падрыхтоўцы, і ў спартсменах, і ў саміх трэнерах", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"У лыжных гонках дастойнага выніку і блізка не відаць. А гэты від спорту базавы і для біятлона. Але горш, напэўна, у гісторыі яшчэ не было", - занепакоены Прэзідэнт.
"У канькабежным спорце змаглі зрабіць крок наперад. І тут вы мяне супакойваеце, што нашы атлеты тры разы трапілі ў васьмёрку мацнейшых. Яшчэ раз паўтараю: на Алімпіяду, каб трапіць у васьмёрку, няма чаго ехаць. Адзінае, што можна сказаць, што абстралялі гэту моладзь, а на будучых Алімпійскіх гульнях яны нам прынясуць медалі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на шорт-трэк, які з'яўляецца даволі медаляёмістым відам спорту. "Але геаграфія яго развіцця на здзіўленне бедная, нягледзячы на магчымасці займацца гэтым відам спорту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Фігурыстаў наогул не відаць, хоць у нас больш за тысячу тых, хто займаецца ў спартыўных школах", - канстатаваў Прэзідэнт.
"І ўсе чагосьці чакаюць. Што заўтра Прэзідэнт паедзе ў Расію, запросіць пару трэнераў або хаця б адну... І яна прыедзе да нас і тут выгадуе новую Мядзведзеву (расійская фігурыстка Яўгенія Мядзведзева. - Заўвага БЕЛТА)", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў фрыстайле (акрабатыка) Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў. І ў Карэі была магчымасць узяць палову медалёў у гэтай дысцыпліне. "Аднак не ўзялі. І віна ў гэтым не толькі спартсменаў. Вядома, ёсць пытанні да аб'ектыўнасці судзейства. Але не менш іх і адносна падыходаў трэнерскага штаба", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Вельмі сумна, калі ў фрыстайле сёй-той зазнаўся. Трэба своечасова спусціцца на зямлю", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся перспектывамі развіцця ў Беларусі горных лыж і снаўборда. "Тут што перашкаджае займацца? Зразумела, прорва па горных лыжах, ну а хто перашкаджае снаўбордам займацца? Хоць якім-небудзь відам снаўборда. Па гэтых відах спорту адкрыты аддзяленні ў спартыўных школах, на якія таксама выдзяляюцца дзяржаўныя сродкі. Дзе аддача?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
"Галоўнае пытанне я адрасую кіраўніцтву ўсёй галіны. У першую чаргу федэрацыям па відах спорту: як ідуць справы з выхаваннем спартыўнага рэзерву? Хто будзе выступаць заўтра? Якія ў нас перспектывы ў зімовых відах спорту?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запатрабаваў ад дакладчыкаў выступаць па сутнасці, без апраўданняў і пераможных рэляцый.