Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

23 Май 2017

Беларусь выступіла ў падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу на форуме ААН у Нью-Ёрку

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў на форуме Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) высокага ўзроўню ў Нью-Ёрку выступіў з калектыўнай заявай ад імя групы аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу. Такая інфармацыя размешчана на сайце Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, паведамляе БЕЛТА.

Беларускі дыпламат прадставіў бачанне месца і ролі краін з сярэднім узроўнем даходу ў дасягненні глабальнага ўстойлівага развіцця. Ён прыцягнуў увагу да праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца дзяржавам пры фінансаванні развіцця.

Ад імя групы аднадумцаў Валянцін Рыбакоў падкрэсліў неабходнасць распрацоўкі больш дэталізаванай класіфікацыі гэтай катэгорыі краін, якая выходзіла б за рамкі крытэрыю даходу на душу насельніцтва і ўлічвала б спецыфічныя праблемы дзяржаў у галіне развіцця.

"Мы таксама прызнаём, што інавацыі і тэхналогіі з'яўляюцца магутнай рухаючай сілай эканамічнага росту і ўстойлівага развіцця для краін з сярэднім узроўнем даходу. У сувязі з гэтым мы хацелі б нагадаць аб важнасці перадачы і распаўсюджвання тэхналогій у духу пераадолення эканамічных і сацыяльных разрываў паміж краінамі для дасягнення ўстойлівага развіцця", - адзначыў дыпламат.

На думку групы, ААН павінна ў значна большай ступені, чым сёння, задзейнічаць патэнцыял краін з сярэднім узроўнем даходу ў глабальным развіцці. "Група заклікае ААН працаваць над усёабдымнай і доўгатэрміновай стратэгіяй, якая накіравана на садзейнічанне супрацоўніцтву ў галіне ўстойлівага развіцця і скаардынаваную падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходаў", - заявіў Валянцін Рыбакоў.

У Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН растлумачылі, што, у адпаведнасці з класіфікацыяй Сусветнага банка, да катэгорыі краін з сярэднім узроўнем даходу належаць больш за сто дзяржаў. На гэтыя дзяржавы прыпадае больш як трэць сусветнага ВУП. Пры гэтым амаль 70 працэнтаў беднага насельніцтва планеты пражывае менавіта ў іх. Беларусь уваходзіць у верхнюю, найбольш развітую, катэгорыю сярод гэтых краін. Паводле прапановы Беларусі, Коста-Рыкі і іншых дзяржаў у штаб-кватэры ААН у 2016 годзе створана група аднадумцаў для актыўнага адстойвання інтарэсаў гэтых дзяржаў.

У час візіту ў Нью-Ёрк Валянцін Рыбакоў таксама прыняў удзел у другой нефармальнай тэматычнай сесіі аб барацьбе з прычынамі міграцыі і наступствамі прыродных катастроф і тэхнагенных крызісаў. Ён адзначыў, што Беларусь сутыкнулася і прадаўжае сутыкацца з праблемай так званай экалагічнай міграцыі, калі з-за катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вымушанымі перасяленцамі з заражаных раёнаў сталі больш як 135 тыс. чалавек.

Намеснік міністра выказаў меркаванне, што неабходна забяспечыць аператыўныя і скаардынаваныя намаганні міжнароднай супольнасці па папярэджанні тэхнагенных крызісаў, ліквідацыі і мінімізацыі іх наступстваў. Гэта дапаможа пазбегнуць некіруемай міграцыі.

На палях форумаў беларускі дыпламат таксама правёў сустрэчу з дэпутатам парламента Канады Селінай Сізар-Шавен. Субяседнікі абмеркавалі пытанні практычнай работы сваіх краін у ААН у кантэксце ўстойлівага развіцця, падрыхтоўку да сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе летам у беларускай сталіцы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі