25 чэрвеня, Мінск /БЕЛТА/. У краіне вядзецца падрыхтоўка да ўрачыстасцей з нагоды галоўнага дзяржаўнага свята.
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - Дзень Рэспублікі адзначаецца 3 ліпеня па рашэнню рэспубліканскага рэферэндуму ў памяць аб вызваленні ў гэты дзень беларускай сталіцы ад фашысцкай акупацыі. Святочныя ўрачыстасці, якія праходзяць па ўсёй краіне, прызначаны ушанаваць памяць загінуўшых герояў, выказаць удзячнасць ветэранам, натхніць цяперашніх абаронцаў Айчыны і з'яднаць грамадства вакол ідэі стварэння моцнай, квітнеючай і незалежнай Беларусі.
Напярэдадні свята заслугі перад краінай яе выдатных грамадзян адзначаць уручэннем дзяржаўных узнагарод. У галоўным палацы краіны - Палацы Рэспублікі ў Мінску - адбудзецца канцэрт майстроў мастацтваў. 3 ліпеня святочныя мерапрыемствы - парады, шэсці, канцэрты, народныя гулянні і феерверкі - пройдуць па ўсёй краіне.
Эпіцэнтрам урачыстасцей, зразумела, стане сталіца. Да манумента Перамогі на аднайменнай плошчы будуць ускладзены вянкі ад кіраўніка дзяржавы, парламента, урада, іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. На скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў ля стэлы "Мінск - горад-герой" пройдуць ваенны парад і святочнае шэсце. Канцэрты і народныя гулянні прадоўжацца ўвесь дзень на плошчах, у парках і проста на вуліцах сталіцы.
Кульмінацыяй свята стане маляўнічы салют у сталіцы і абласных цэнтрах. Агнявыя кветкі салюту, якія распускаюцца ў небе, сімвалізуюць душэўны ўздым і радасць беларусаў у дзень агульнанароднага свята.