20 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь адкрыта для ўзаемавыгаднага партнёрства, заснаванага на паважлівых адносінах паміж дзяржавамі і народамі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тыя, хто падзяляе гэтыя падыходы, заўсёды знойдзе ў нас падтрымку і разуменне ў рэалізацыі ўсіх планаў і пачынанняў", - сказаў Прэзідэнт.
"Сардэчна вітаю вас на беларускай зямлі, якая здаўна славіцца сваёю сардэчнасцю і гасціннасцю, працавітым і талерантным народам, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Вам трэба будзе пазнаёміцца з краінай, якая мае багатую гісторыю і самабытную культуру".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і ў гады цяжкіх выпрабаванняў, і ў мірны час паслядоўна абараняла права на ўласны шлях развіцця. Ён сказаў, што Беларусь з упэўненасцю глядзіць у будучыню. "За адносна кароткі перыяд незалежнасці мы змаглі шмат чаго дабіцца", - адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што міралюбнасць і мнагавектарнасць, прагматызм і паслядоўнасць - краевугольныя камяні знешняй палітыкі рэспублікі.
Для Беларусі няма другарадных краін і рэгіёнаў, адзначыў Прэзідэнт. "Мы гатовы да самага цеснага і інтэнсіўнага ўзаемадзеяння з любымі з нашых замежных партнёраў, якія б адлегласці нас ні раздзялялі. Галоўнае - узаемаразуменне і нацэленасць на плённае супрацоўніцтва", - падкрэсліў беларускі лідар.