29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што наспела неабходнасць вырашэння набалелых праблем сістэмы адукацыі Беларусі. Такое меркаванне ён выказаў сёння на нарадзе педагагічнага актыву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў педагогаў прадметна і ўсебакова абмеркаваць набалелыя пытанні, задачы і шляхі далейшага развіцця адукацыі ў краіне ў вельмі складанай міжнароднай абстаноўцы. "Адукацыя з'яўляецца сферай асноўных жыццёвых інтарэсаў людзей, паказчыкам развітасці дзяржавы, чуткім барометрам інтэлектуальнага патэнцыялу нашай нацыі. Таму мы заўсёды асаблівую ўвагу ўдзяляем усім аспектам і напрамкам адукацыйнага працэсу. Пастаянна імкнёмся да яго ўдасканалення, эфектыўнага вырашэння праблем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя гады ў краіне дакладна вызначылася стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, якая ў цэлым апраўдвае сябе. Паводле яго слоў, эксперты ААН адзначаюць, што па ўзроўню развіцця адукацыі, у прыватнасці па адукаванасці дарослых, колькасці вучняў і студэнтаў, Беларусь знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях у свеце. "Аднак гэта не прычына для самазаспакаення", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё айчыннай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай школы. Але якая рэальная аддача? Ці забяспечваецца на справе роўная даступнасць да высакаякаснай адукацыі для сельскіх і гарадскіх дзяцей, для выхадцаў з розных сацыяльных слаёў?" - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне ўмацавання дысцыпліны і навядзення парадку ў навучальных установах, гарантавання бяспечных умоў знаходжання ў іх дзяцей. "Калі нарэшце будзе задаволены попыт насельніцтва на паслугі дашкольных устаноў? Ці ўдалося абнавіць змест школьнага навучання, не дапусціўшы перагрузкі дзяцей? Пераадолець бюракратызм і непатрэбную паператворчасць?" - паставіў шэраг пытанняў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь адна з нямногіх у СНД, якая захавала паўнацэнную сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі. "Аднак з году ў год гэта сістэма адчувае цяжкасці з прыцягненнем моладзі на вучобу. Падрыхтоўцы сучасных кадраў перашкаджаюць устарэлая матэрыльная база і недастатковая сувязь з прадпрыемствамі-заказчыкамі. Што будзе зроблена ў новым навучальным годзе для вырашэння і гэтых праблем?" - сказаў Прэзідэнт.
Вялікі блок пытанняў звязаны з сучасным станам вышэйшай школы. Паводле слоў Прэзідэнта, у лік студэнтаў нярэдка трапляюць вельмі слабыя абітурыенты, а выпускнікі ВНУ часта не гатовы да работы на сучасных прадпрыемствах або проста не запатрабаваны. "Што робіцца для аптымізацыі структуры і аб'ёмаў падрыхтоўкі кадраў? Як выконваюцца мае даручэнні па скарачэнню тэрмінаў навучання, узмацненню сувязі навучання з практыкай?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно немалаважнае пытанне, якое паставіў Аляксандр Лукашэнка, з'яўляецца выхаванне дзяцей. "Хто перамагае ў барацьбе за ўплыў на іх розум і душы: бацькі, настаўнікі або сумніўныя "сябры" і палітычныя прайдзісветы, якія ўцягваюць моладзь ва ўсялякія авантуры? Як прадухіліць уцягванне дзяцей і падлеткаў у п'янства, наркаманію і курэнне?" - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. Акрамя таго, Прэзідэнт мае намер таксама пагаварыць і аб асобе сучаснага педагога, тых патрабаваннях, якія прад'яўляюць да яго дзяржава і грамадства і як іх разумеюць, рэалізуюць на практыцы настаўнікі.