Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Дакументы

Дакументы

6 Jun 2015

Саўмін зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай атамнай электрастанцыі. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Саўміна нумар 460 ад 2 чэрвеня 2015 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Стратэгія распрацавана з улікам прынцыпаў абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, рэкамендаваных Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ), а таксама тэзісаў, выкладзеных у пункце 6 норм і правіл па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі "Бяспека пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Агульныя палажэнні", якія былі зацверджаны пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі нумар 47 ад 28 верасня 2010 года.

У дакуменце прадугледжваецца забеспячэнне прымальнага ўзроўню абароненасці персаналу АЭС, насельніцтва і навакольнага асяроддзя ад радыяцыйнага ўздзеяння, асаблівая ўвага будзе засяроджана на папярэджанні аварый з радыяцыйнымі наступствамі.

На працягу тэрміну эксплуатацыі атамнай электрастанцыі, а гэта 60 гадоў, прагназуецца ўтварэнне 9360 куб. м цвёрдых радыеактыўных адходаў розных катэгорый і 60 куб. м высокаактыўных радыеактыўных адходаў. З улікам чаканых аб'ёмаў утварэння радыеактыўных адходаў існуе аб'ектыўная неабходнасць стварэння пункта іх пахавання. Распрацаваным для яго будаўніцтва праектам будзе прадугледжвацца выкарыстанне сучасных тэхнічных рашэнняў. Аб'ём фінансавых сродкаў для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў, ацэнка якога праведзена па кошце ўзвядзення аналагічнага аб'екта - могільніка радыеактыўных адходаў Ігналінскай атамнай электрастанцыі ў Літве - складае каля $60 млн, аднак канчатковая лічба будзе вызначана па выніках распрацоўкі адпаведнага праекта.

Рэалізацыя стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС будзе садзейнічаць удасканаленню сістэмы абыходжання з адходамі такога тыпу, мінімізацыі іх утварэння ў працэсе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі, а таксама зніжэнню эксплуатацыйных затрат на абслугоўванне сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. У будучым стратэгія павінна садзейнічаць змяншэнню фінансавай нагрузкі, звязанай з неабходнасцю падтрымання бяспекі аб'ектаў сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі для будучых пакаленняў.

Пастанова Савета Міністраў "Аб зацвярджэнні Стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай атамнай электрастанцыі" ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі