Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
У мэтах стварэння дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:
1. Устанавіць, што:
1.1. рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляцца шляхам заключэння інвестыцыйнага дагавора паміж інвестарам і Рэспублікай Беларусь (далей - інвестыцыйны дагавор) у парадку і на ўмовах, што вызначаюцца Інвестыцыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь, гэтым Дэкрэтам і іншымі актамі заканадаўства;
1.2. інвестыцыйны дагавор заключаецца на падставе рашэння: рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, іншай дзяржаўнай арганізацыі, падпарадкаванай Ураду Рэспублікі Беларусь (далей - дзяржаўны орган), абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта (далей - выканаўчы камітэт) у выпадку рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў рамках адпаведнай галіны або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і ў межах кампетэнцыі дзяржаўнага органа або выканаўчага камітэта;
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у выпадках, калі інвестыцыйным дагаворам не прадугледжваецца прадастаўленне інвестару льгот і прэферэнцый, акрамя ўстаноўленых заканадаўчымі актамі, гэтым Дэкрэтам і іншымі рашэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па пытаннях прыватызацыі, на дату яго падпісання;
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках прадастаўлення інвестару льгот і прэферэнцый, не ўстаноўленых заканадаўчымі актамі, гэтым Дэкрэтам і іншымі рашэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па пытаннях прыватызацыі.
Для заключэння інвестыцыйных дагавораў, названых:
у абзацах другім і трэцім часткі першай гэтага падпункта, не патрабуюцца бізнес-план інвестыцыйнага праекта, што рэалізуецца ў рамках інвестыцыйнага дагавора (далей - інвестыцыйны праект), і дзяржаўная комплексная экспертыза інвестыцыйнага праекта;
у абзацы чацвёртым часткі першай гэтага падпункта, патрабуюцца бізнес-план інвестыцыйнага праекта і дзяржаўная комплексная экспертыза інвестыцыйнага праекта;
1.3. праекты інвестыцыйных дагавораў падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе, праводзімай юрыдычнымі службамі адпаведных дзяржаўных органаў і выканаўчых камітэтаў, што прымаюць рашэнні аб заключэнні інвестыцыйных дагавораў, або Міністэрствам юстыцыі, калі рашэнне аб заключэнні інвестыцыйных дагавораў прымаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Заключаныя інвестыцыйныя дагаворы падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў Дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь, парадак вядзення якога вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
1.4. у інвестыцыйным дагаворы павінны быць вызначаны:
аб’ект, аб’ём і тэрміны ўкладання інвестыцый, тэрмін дзеяння інвестыцыйнага дагавора;
правы і абавязкі інвестара і Рэспублікі Беларусь - бакоў інвестыцыйнага дагавора;
адказнасць бакоў інвестыцыйнага дагавора за невыкананне яго ўмоў, у тым ліку пакрыццё інвестару страты, нанесенай у выніку незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб дзяржаўных органаў і (або) выканаўчых камітэтаў, а таксама права на аднабаковую адмову Рэспублікі Беларусь ад выканання сваіх абавязацельстваў згодна з інвестыцыйным дагаворам пры невыкананні або неналежным выкананні інвестарам яго абавязацельстваў;
парадак і орган разгляду спрэчак паміж бакамі інвестыцыйнага дагавора, звязаных з палажэннямі інвестыцыйнага дагавора. У якасці органа, які разглядае спрэчку, можа быць вызначаны суд замежнай дзяржавы, арбітражны (трацейскі) суд, створаны на тэрыторыі замежнай дзяржавы, калі інвестарам з’яўляецца фізічная або юрыдычная асоба замежнай дзяржавы і міжнародным дагаворам, заключаным Рэспублікай Беларусь, у тым ліку аб абароне інвестыцый, такі суд вызначаецца як кампетэнтны орган па разгляду спрэчкі;
парадак унясення змяненняў у інвестыцыйны дагавор;
іншыя ўмовы па ўзгадненні бакоў інвестыцыйнага дагавора;
1.5. інвестыцыйны дагавор складаецца на рускай або беларускай мове;
1.6. па пытаннях прыцягнення інвестыцый, заключэння інвестыцыйных дагавораў і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў інвестар можа ўзаемадзейнічаць у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, з дзяржаўнымі органамі і выканаўчымі камітэтамі, дзяржаўнай арганізацыяй па пытаннях прыцягнення інвестыцый, створанай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, або з фізічнымі або юрыдычнымі асобамі, упаўнаважанымі на прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях прыцягнення інвестыцый у Рэспубліку Беларусь.
2. Інвестар і (або) арганізацыя, ва ўстаноўленым парадку створаная ў Рэспубліцы Беларусь гэтым інвестарам або з яго ўдзелам, пасля заключэння інвестыцыйнага дагавора і яго рэгістрацыі ў Дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта:
2.1. маюць права на:
будаўніцтва аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйным праектам, паралельна з распрацоўкай, экспертызай і зацвярджэннем ва ўстаноўленым парадку неабходнай праектна-каштарыснай дакументацыі на кожны з этапаў будаўніцтва з адначасовым праектаваннем наступных этапаў гэтага будаўніцтва;
прадастаўленне без правядзення аўкцыёну на праве арэнды зямельнага ўчастка патрабуемага памеру для будаўніцтва аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйным праектам (далей - зямельны ўчастак), з афармленнем неабходных дакументаў па адвядзенні зямельнага ўчастка адначасова з выкананнем работ па будаўніцтве. Пры гэтым памер арэнднай платы за зямельны ўчастак, вызначаны на дату заключэння дагавора арэнды, не можа павышацца на працягу ўсяго тэрміну рэалізацыі інвестыцыйнага праекта;
2.2. вызваляюцца ад:
пералічэння ў рэспубліканскі бюджэт платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка;
пакрыцця страт сельскагаспадарчай і (або) лесагаспадарчай вытворчасці, выкліканых адабраннем зямель для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, а таксама ад кампенсацыйных выплат, звязаных з пераносам і высяканнем зялёных насаджэнняў на землях населеных пунктаў;
выплаты ўвазных мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць (акрамя выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі) пры ўвозе на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь абсталявання і запасных частак да яго для аб’ектаў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта. Пацвярджальным дакументам для прымянення гэтай ільготы з’яўляецца пералік тавараў, увозімых інвестарам і (або) арганізацыяй ва ўстаноўленым парадку створанай у Рэспубліцы Беларусь гэтым інвестарам або з яго ўдзелам, для названых аб’ектаў, узгоднены выканаўчым камітэтам або дзяржаўным органам, які прыняў рашэнне аб заключэнні інвестыцыйнага дагавора, або дзяржаўным органам, упаўнаважаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на яго ўзгадненне па інвестыцыйных дагаворах, заключаных у адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі першай падпункта 1.2 пункта 1 гэтага Дэкрэта, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Парадак ўзгаднення такога пераліку вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. У выпадку нямэтавага выкарыстання тавараў, увезеных з прадастаўленнем названай ільготы, мытныя пошліны і падатак на дабаўленую вартасць спаганяюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам;
выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія прыцягваюцца інвестарам для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, дазволаў на права займання працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь, а названыя замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства - ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.
3. Кантроль за выкананнем умоў інвестыцыйных дагавораў, заключаных і зарэгістраваных у Дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку за выкананнем інвестарам узятых на сябе абавязацельстваў, ажыццяўляецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, адпаведнымі дзяржаўнымі органамі і выканаўчымі камітэтамі, а таксама Камітэтам дзяржаўнага кантролю.
4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Дэкрэта:
ва ўстаноўленым парадку ўнесці прапановы аб прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам;
прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі;
забяспечыць прывядзенне дзяржаўнымі органамі іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам.
5. Рэкамендаваць абласным, Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў прадугледжваць вызваленне інвестараў і (або) арганізацый, ва ўстаноўленым парадку створаных у Рэспубліцы Беларусь гэтымі інвестарамі або з іх удзелам, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, ад выплаты мэтавых збораў у мясцовыя бюджэты.
6. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 4 і часткі першай гэтага пункта, што ўступаюць у сілу з даты афіцыйнага апублікавання Дэкрэта, з’яўляецца часовым і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Дзеянне гэтага Дэкрэта не распаўсюджваецца на інвестыцыйныя дагаворы, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага Дэкрэта.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка