
Правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў забяспечваюць выбарчыя камісіі.
Камісіі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у межах сваіх паўнамоцтваў незалежныя ад дзяржаўных органаў і не звязаны рашэннямі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.
Рашэнні камісій, прынятыя ў межах іх паўнамоцтваў, абавязковыя для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі, а таксама грамадзянамі.
Рашэнні вышэйстаячай камісіі, прынятыя ў межах яе паўнамоцтваў, абавязковыя для ніжэйстаячых камісій.
Цэнтральная выбарчая камісія з'яўляецца дзяржаўным органам, які арганізуе ў межах сваіх паўнамоцтваў падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў, рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Асноўныя паўнамоцтвы Цэнтральнай выбарчай камісіі:
• ажыццяўляць кантроль за выкананнем выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах на ўсёй тэрыторыі краіны і даваць растлумачэнні па яго прымяненню;
• вызначаць парадак выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарнай кампаніі;
• кантраляваць мэтавае выкарыстанне грашовых сродкаў выбарчых фондаў кандыдатаў;
• падводзіць вынікі выбараў, рэферэндуму;
• разглядаць скаргі на рашэнні выбарчых камісій, камісій па рэферэндуму, камісій па правядзенню галасавання аб адклiканнi дэпутатаў і выносіць па іх рашэнні.
Кандыдаты ў Прэзідэнты і палітычныя партыі, якія прымаюць удзел у парламенцкіх выбарах, дэлегуюць у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі сваіх прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.
Выбарчыя камісіі на мясцовым узроўні ўтвараюцца сумесным рашэннем мясцовых выканаўчых і прадстаўнічых органаў у тэрмін ад 75 да 85 дзён да правядзення выбараў (участковыя камісіі - за 45 дзён).
Кандыдатуры ў склад камісіі вылучаюцца палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, а таксама грамадзянамі.
Як правіла, не менш як адну яе трэць павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Дзяржаўныя служачыя - не больш як адну трэць складу камісіі.
Грамадзяне вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі на сходах па месцы работы або шляхам збору подпісаў.