Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Ліп 2017

Беларусь у 2017 годзе плануе нарасціць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі на $1 млрд

18 ліпеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусь у 2017 годзе плануе экспартаваць высокатэхналагічнай прадукцыі на $11 млрд, заявіў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін перад пачаткам прэзентацыі агляду інавацыйнага развіцця Беларусі "Інавацыі для ўстойлівага развіцця", падрыхтаванага сумесна Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН і ДКНТ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе мы перасягнулі планавае значэнне па экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі, ён склаў амаль $10 млрд. У 2017 годзе плануем, што сума будзе каля $11 млрд", - адзначыў Аляксандр Шумілін. У 2016 годзе доля экспарту высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі ў агульным аб'ёме павялічылася на 2,3 працэнта ў параўнанні з 2015 годам і склала 33,2 працэнта. Павялічылася доля адгрузкі інавацыйнай прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі.

Старшыня ДКНТ падкрэсліў, што Беларусь будуе стратэгію развіцця эканомікі на аснове інавацый. "У нас дзейнічае трэцяя дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця. Нам ужо многае ўдалося. У прыватнасці, мы стварылі сур'ёзную заканадаўчую базу ў галіне інавацый, цэнтралізаваны інавацыйны фонд. Мы пачалі развіваць інавацыйную інфраструктуру, інавацыйнае прадпрымальніцтва. Мы сталі касмічнай дзяржавай, развіваюцца нанатэхналогіі, біятэхналогіі. Усё гэта адзначаюць міжнародныя эксперты", - канстатаваў Аляксандр Шумілін. Ён нагадаў, што кіраўнік дзяржавы заявіў аб пабудове ІТ-краіны. "ІТ-сфера Беларусі за апошнія 10 гадоў рушыла вельмі далёка. Яна можа стаць адным з пунктаў росту эканомікі", - сказаў Аляксандр Шумілін.

Пры гэтым кіраўнік ДКНТ звярнуў увагу на крытычныя заўвагі, што выказваюцца замежнымі экспертамі. "У нашых вучоных няма так званага права на рызыку. Цяпер усе дзяржаўныя грошы павінны на 100 працэнтаў быць апраўданы. Але не заўсёды можна гарантаваць поспех. Тут нам эксперты робяць заўвагу, што мы павінны пачаць фінансаваць рызыкоўныя праекты", - расказаў ён. Паводле яго слоў, у бягучым годзе прынята рашэнне 20 працэнтаў фінансавання, што выдзяляецца на дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы, накіроўваць на рызыкоўныя праекты. "Мы хочам паказаць, што на гэтых праектах можна атрымаць вынік, зарабіць грошы, вярнуць іх. Тады, можа, доля павялічыцца", - падкрэсліў ён.

Таксама эксперты адзначаюць неабходнасць развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, рыначных сістэм фінансавання. "Мы ў гэтым напрамку працуем. У нас 10 тэхнапаркаў, 8 цэнтраў трансферу тэхналогій. Інавацыйнай прадукцыі ў тэхнапарках за мінулы год выраблена ў два разы больш, чым у 2015 годзе. За 2016 год мы стварылі больш за 300 рабочых месц у тэхнапарках і цэнтрах трансферу тэхналогій", - канстатаваў ён.

У аглядзе інавацыйнага развіцця Беларусі "Інавацыі для ўстойлівага развіцця" адзначаны дасягненні краіны ў сферы заканадаўчага рэгулявання пытанняў камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці, цэнтралізацыі галіновых інавацыйных фондаў, перспектыўнага і стратэгічнага планавання інавацый, удасканалення статыстыкі і методыкі збору даных, захавання кадравага патэнцыялу для рэалізацыі інавацыйнага шляху развіцця, развіцця сектара інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва. У цэлым вынікі агляду паказваюць, што Беларусь змагла справіцца з негатыўнымі наступствамі крызісу. Параўнанне асноўных статыстычных індыкатараў інавацыйнай дзейнасці 2011 і 2016 гадоў паказала, што за гэты перыяд удалося ўтрымаць іх прыкладна на дакрызісным узроўні.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі